Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі ўзгадняе шляхі эвакуацыі беларусаў зь Лібану


Радыё Свабода Сёньня вайсковыя ўлады Ізраілю ўзгаднілі з прадстаўнікамі амбасадаў час і маршруты эвакуацыі замежных грамадзянаў, даўшы гарантыі, што баявыя дзеяньні ў гэтых раёнах весьціся ня будуць. Тым часам, як паведамілі ў дыппрадстаўніцтве Беларусі ў Сырыі, першыя беларускія грамадзяне, якія вырашылі пакінуць зону лібанска-ізраільскага ўзброенага канфлікту, прыбылі ў Дамаск. Цяпер Міністэрства замежных справаў Беларусі вырашае, якім чынам даставіць суайчыньнікаў на радзіму.

У амбасадзе Беларусі ў Сырыі пацьвердзілі, што першая група беларусаў чакае магчымасьці вярнуцца дадому. Колькі канкрэтна чалавек здолелі зьехаць зь Лібану, дзяжурны дыппрадстаўніцтва не ўдакладніў — паколькі, як ён выказаўся, аўтобусы ўвесь час падцягваюцца і сярод пасажыраў-замежнікаў таксама могуць быць і беларусы.

(Дзяжурны амбасады: ) “Так, ёсьць тыя, хто прыбыў у Дамаск. Яны ёсьць, але рэч у тым, што іх няма цяпер у нас у амбасадзе. Аднак усе зьвесткі адносна беларусаў будуць акумулявацца ва ўпраўленьні інфармацыі Міністэрства замежных справаў”.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, у Лібане знаходзіцца да 300 беларусаў — у асноўным гэта жонкі грамадзянаў Лібану, а таксама тыя, хто працуе ў сфэры абслугоўваньня ці турбізснэсу. На гэты момант беларуская амбасада ў Дамаску падтрымлівае кантакт з паўсотняй суайчыньнікаў, якія наўпрост заявілі пра жаданьне пакінуць зону канфлікту. Разглядаюцца розныя спосабы вяртаньня ў Беларусь. У прыватнасьці, ёсьць дамоўленасьць з расейскім дыппрадстаўніцтвам, каб узяць беларусаў на борт самалёта Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, які адляціць у Маскву заўтра. Хто яшчэ не пасьпеў выехаць зь Лібану сёньня, 19 ліпеня ганаровы кансулят Беларусі ў Лібане арганізуе спэцыяльны аўтобус з Бэйруту ў Дамаск. Плянуецца, што гэтыя людзі 21 ліпеня адляцяць у Менск чартэрным рэйсам кампаніі “Белавія”. Трэці варыянт прадугледжвае дастаўку беларусаў паветраным транспартам Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі.

У той час, як плыня ўцекачоў зь Лібану мацнее, грамадзяне Ізраілю па-рознаму ацэньваюць неабходнасьць сілавой апэрацыі супраць лібанскай вайсковай арганізацыі “Хізбала”, падчас якой гінуць і мірныя лібанцы. Так, адзін з тых, хто ад’ехаў у Ізраіль, а пасьля зноў вярнуўся ў Беларусь, лічыць, што менавіта рэпатрыянты падтрымліваюць больш жорсткія захады супраць краінаў, якія пагражаюць бясьпецы Ізраілю.

(Спадар: ) “Ізраільцы, якія жывуць у пасяленьнях альбо дзесьці побач з арабамі, яны часта нашмат ляяльнейшыя да сваіх суседзяў. Таму што ўсіх арабаў нельга пад адзін грэбень часаць — ня ўсе ж экстрэмісты, так? Але што да рэпатрыянтаў, былых нашых грамадзянаў, то яны прызвычаіліся да больш жосткіх захадаў. Магчыма, выхаваныя яшчэ сталінскімі рэпрэсіямі — маўляў, калі вораг не здаецца, значыць, яго трэба зьнішчаць”.

Днямі зь Лібану плянуецца эвакуяваць больш за 5 тысяч замежнікаў — перадусім, жанчын і дзяцей. Калі дойдзе чарга да астатніх ахвочых, пакуль невядома, аднак паведамляецца, што толькі францускіх грамадзянаў у гэтай краіне налічваецца каля 20 тысяч. Тым часам, Ізраіль і лібанская вайсковая арганізацыя “Хізбала” працягваюць абменьвацца ракетна-бомбавымі ўдарамі. Ахвярамі новай вайны ўжо сталі больш за 200 чалавек з абодвух бакоў. МЗС Беларусі зьвярнулася да беларускіх грамадзянаў з настойлівым заклікам ўстрымацца ад паездак на Блізкі Ўсход да поўнай нармалізацыі сытуацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG