Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Бычко асудзіў Лябедзьку і Аскерку на 10 сутак арышту (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск У судзе Цэнтральнага раёну Менску прайшлі працэсы над удзельнікамі пікетаваньня амбасады Расеі, якое адбылося 16 ліпеня з нагоды Дня беларускай салідарнасьці. Першым быў асуджаны Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, празь дзьве гадзіны пасьля гэтага прысуд быў вынесены дэмакратычнаму актывісту з Барысава Анатолю Аскерку.

На дзесяць дзён арышту судзьдзя Аляксей Бычко з суду Цэнтральнага раёну Менску асудзіў Анатоля Лябедзьку. Палітыка затрымалі 16 ліпеня непадалёк ад амбасады Расеі. У пратаколе затрыманьня Анатоля Лябедзькі было пазначана, што палітык “нецэнзурна лаяўся, абражаў міліцыянтаў і не выконваў іхных законных патрабаваньняў”. Пра гэта на судзе сьведчылі байцы спэцназу Юры Янковіч і Васіль Гарасюк. Анатоль Лябедзька ў судзе назваў гэтыя словы хлусьнёй і заўважыў, што абодва міліцыянты напісалі даслоўна аднолькавыя пратаколы.

Пры гэтым лідэр АГП не адмаўляў, што ішоў 16 ліпеня да амбасады Расеі на палітычнае мерапрыемства — пікет салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі. Палітык заявіў судзьдзю, што гатовы адказваць за свае дзеяньні паводле закону, але не вінаваты ў хуліганстве. Тое, што больш як сорак затрыманых напярэдадні міліцыянты адпусьцілі, Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў так:

(Лябедзька: ) “Па-першае, я шчасьлівы, што сорак два чалавекі адпусьцілі на волю. Мяркую, нам трэба працягваць гэтыя акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. А чаму толькі мяне пакаралі? Магчыма, за нейкія асаблівыя заслугі”.

Нагадаю, сёлета гэта ўжо пятае адміністрацыйнае пакараньне Анатоля Лябедзькі. Падчас сакавіцкіх падзеяў палітыка садзілі ў турму на Акрэсьціна на 10 сутак ды каралі вялікім штрафам. Цяпер Анатоль Лябедзька будзе адбываць пакараньне таксама ў турме на Акрэсьціна.

Пасьля Анатоля Лябедзькі той самы судзьдзя Аляксей Бычко пачаў судзіць актывіста з Барысава Анатоля Аскерку. Яго таксама затрымалі 16 ліпеня каля амбасады Расеі й пры гэтым зьбілі ды парвалі адзеньне. Вось што Анатоль Аскерка пасьпеў распавесьці перад судом пра сваё затрыманьне:

(Аскерка: ) “Пад’ехаў аўтобус на вялікай хуткасьці, зь яго выскачылі зь дзесяць спэцназаўцаў і адразу пачалі ўсіх хапаць. Мяне цягнулі тры амапаўцы: два за рукі й адзін за ногі, па прыступках, па асфальце. Парвалі мне кашулю ды ў аўтобусе зьбілі гэтак, што баліць бок дагэтуль”.

Судзьдзя Аляксей Бычко вынес Анатолю Аскерку тое самае пакараньне, што й Анатолю Лябедзьку, – 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Анатоля Лябедзьку прывезьлі ў суд

Анатоль Аскерка паказвае, як зь ім абышліся байцы спэцназу

У кулюарах суду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG