Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакаюць ад саміту G-8 беларускія палітыкі?


Валер Каліноўскі, Менск Саміт краін вялікай васьмёркі, які пачынаецца ў Санкт-Пецярбурзе, выклікае цікавасьць у беларускіх палітыкаў тым, што на ім, як чакаецца, лідэрамі краін Захаду і Расеі будзе абмяркоўвацца праблема дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і іншых постсавецкіх дзяржавах. Аднак нейкіх кардынальных рашэньняў на гэты конт беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы не прагназуюць.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Красуцкі мяркуе, што пра Беларусь лідэры ЗША і Расеі будуць гаварыць толькі ў кулюарах:

(Красуцкі: ) “Размова можа такая адбыцца з улікам сытуацыі, якая цяпер складваецца ў ЗША і пэўнага націску і выказваньня інтарэсаў пэўных сіл, каб неяк адрэагаваць на ўмацаваньне сувязяў Беларусі і Расеі. Адным з такіх палітычных рычагоў можа быць навязваньне абмеркаваньня пытаньня аб дэмакратыі ў Беларусі”.

Анатоль Красуцкі мяркуе, што ніякіх палітычных вынікаў такой размовы не будзе, прэзыдэнта Пуціна ня ўдасца схіліць на нейкія крокі адносна афіцыйнага Менску, бо Расея зацікаўленая ў стратэгічным супрацоўніцтве зь Беларусьсю.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка таксама не чакае нейкай апэратыўнай рэакцыі на размовы пра Беларусь у Санкт-Пецярбурзе:

(Вячорка: ) “Безумоўна важна, калі там будзе ўзьнятае адно найважнейшае пытаньне, як мне здаецца,– гэта патрабаваньне дэмакратычнай сямёркі да таго восьмага, які на маю думку, не заслужыў права быць раўнапраўным удзельнікам, каб пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта, ніякіх рэфэрэндумаў аб саюзных дзяржавах у Беларусі не было праведзена”.

На думку Вінцука Вячоркі, такая размова актуальная, бо сярод удзельнікаў пецярбурскай сустрэчы – кіраўнікі ЗША і Вялікабрытаніі, якія гарантавалі Беларусі незалежнасьць узамен на вывад ядзернай зброі.

Што да праблемы дэмакратыі ў Беларусі, то тут спадар Вячорка ўскладае надзеі толькі на беларусаў, які мусяць выявіць дзеяздольнасьць, памяняць настроі грамадзтва, навучыцца абараняць свае правы.

Жонка асуджанага палітыка Аляксандра Казуліна Ірына мяркуе, што пазытыўны вынік ад перамоваў у Санкт-Пецярбурзе аб беларускіх праблемах будзе абавязкова, можа, яго нельга будзе заўважыць адразу, аднак спадарыня Казуліна перакананая, што кропля камень точыць:

(Казуліна: ) “Думаю, галоўнае, што Расея неяк пасьля гэтага павінна выказаць свае адносіны да таго, што адбываецца ў Беларусі, бо да гэтага яны нічога не казалі, апрача віншаваньня Лукашэнкі пасьля выбараў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG