Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэм''ер Расеі: "Мы не павінны сябраваць з гэтым рэжымам"


Радыё Свабода Адключэньне падачы газа Беларусі ў 2004 годзе было палітычнай памылкай – гэтак мяркуе былы прэм''ер-міністар Расеі, кіраўнік Народна-дэмакратычнага саюзу Міхаіл Касьянаў. Упершыню такую ацэнку сп. Касьянаў выказаў летась у інтэрвію «Комсомольской правде». Днямі ён адказаў на некалькі пытаньняў Радыё Свабода наконт цяперашняга стану беларуска-расейскіх адносінаў.

(Карэспандэнт: ) "Чаму Расея настойвае на падвышэньні коштаў на газ для Беларусі ад 47 да 200 даляраў за тысячу кубамэтраў? Якая тут мэта – павялічыць прыбыткі “Газпрома”, прымусіць Лукашэнку падзяліцца акцыямі беларускіх прадпрыемстваў з пэўным бізнэсам, альбо гэта ўвогуле робіцца дзеля хутчэйшага аб’яднаньня Беларусі і Расеі?"

(Касьянаў: ) “Любая з камбінацыяў гэтых фактараў можа працаваць, а можа і ўжо працуе, альбо ня ўсе адразу, але нейкая частка. Пытаньне ў тым, ці трэба ўздымаць кошты? Кошты ўздымаць трэба. Якія кошты павінны быць? Не абавязкова 200... я папросту цяпер нават і не хачу называць лічбу, таму што я яе ня ведаю. Але кошты павінны быць вызначаныя па гэткай жа формуле, што і для Польшчы, Украіны, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, і гэтак далей. Гэткая самая формула. Гэта будзе нешта каля 200, можа, трохі меней. Гэта залежыць ад складнікаў. Вядома, гэта трэба рабіць.

Пытаньне ў іншым – адключаць газ ці не адключаць. Вядома, нельга адключаць. Гэта палітычная памылка, і яна была зробленая – быў адключаны газ для Беларусі ў 2004 годзе і для Ўкраіны ў студзені 2006 году”.

(Карэспандэнт: ) "І гэта не прынесла вынікаў?"

(Касьянаў: ) “Так, гэта нічога не дало. І ня можа даць. Дае толькі раздражненьне, страту даверу, страту даверу да нас з боку ўсіх нашых пакупнікоў у Эўропе, – што мы непрадказальны і ненадзейны партнэр. І гэтыя існуючыя цяпер праблемы зь Беларусьсю і Ўкраінай адносна коштаў і умоваў транзыту павінны вырашацца на двухбаковым ўзроўні. І спрабаваць такім чынам... не перамовамі, а папросту ультыматыўна вырашаць, ўлучна з платай за палітычныя няўдачы,– вядома, гэта непрымальныя рэчы, яшчэ раз падкрэсьліваю, – непрымальныя.

Усё гэта можа вырашацца. Там паўсюдна нармальныя людзі. Яны таксама, можа быць, прыйшлі разам з намі з Савецкага Саюзу, паколькі ўсе мы маем пэўны налёт меншай дэмакратычнасьці, але мы ўсе вучымся, мы ўсе разьвіваемся. І таму трэба гэта выкарыстоўваць і глядзець на тое, як вырашаюцца гэтыя праблемы ў сьвеце. Я шмат гадоў вёў перамовы з усім сьветам па фінансавых пытаньнях і ведаю, як гэтыя пытаньні вырашаюцца, ведаю мэнталітэт гэтых людзей”.

(Карэспандэнт: ) "А з Аляксандрам Лукашэнкам, ці вось зь ім цяжка весьці перамовы? Атрымоўваецца ж гэтак, што кожны раз ён замяняў палітычныя абяцаньні на канкрэтныя эканамічныя рашэньні, а пасьля, прабачце, і ваш урад зьлёгку вадзіў за нос".

(Касьянаў: ) “Я думаю, што так гэта й было, і так гэта і ідзе, так. Ну, так, гэта, безумоўна, так і ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) "Атрымоўваецца, што галоўны абаронца сувэрэнітэту Беларусі – гэта Аляксандр Лукашэнка?"

(Касьянаў: ) “Абаронца сваёй ўлады, і гэта мы ўжо бачылі. Зьмены Канстытуцыі і гэтыя выбары, якія папросту зьяўляліся фарсам, – гэта пацьверджаньне таго, што мы не павінны ўжо сябраваць з гэтым рэжымам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG