Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор лічыць віну Казуліна даказанай


Радыё Свабода Пракурор Сяргей Бортнік лічыць віну Аляксандра Казуліна цалкам даказанай у судзе, і прасіць пакараць яго шасьцю гадамі зьняволеньня. Між тым, абаронцы былога кандыдата на прэзыдэнта падчас судовых спрэчак выказаліся за апраўданьне палітыка — яны ня бачаць складу злачынства ў ягоных дзеяньнях.

З раніцы 13 ліпеня на працэсе над Аляксандрам Казуліным пачаліся судовыя спрэчкі. Нагадаю, назіраць за гэтымі спрэчкамі сам Аляксандар Казулін магчымасьці ня меў, паколькі ўчора судзьдзя Аляксей Рыбакоў выдаліў яго з судовай залі. Судзьдзя заявіў, што і апошняга слова палітык будзе пазбаўлены.

Першым у судовыя спрэчкі ўступіў дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Бортнік. На зьдзіўленьне назіральнікаў, ягоная прамова была кароткая — усяго 15 хвілінаў. Сяргей Бортнік заявіў, што лічыць віну Аляксандра Казуліна ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў цалкам даказанай, а спробы Казуліна надаць працэсу палітычны характар — беспадстаўнымі. Паводле пракурора, тое, што былы кандыдат на прэзыдэнта — “банальны хуліган”, даказалі паказаньні сьведак, відэаматэрыялы ды іншыя доказы. Сяргей Бортнік ня ўбачыў у дзеяньнях Аляксандра Казуліна абставінаў, якія б зьмякчылі ягонае пакараньне, і таму папрасіў ад суду максымальнага пакараньня. Вось апошнія словы ў прамове пракурора:

(Бортнік: ) “Што да пакараньня, то я мяркую, што выпраўленьне Казуліна магчымае толькі ў выпадку ізаляцыі ад грамадзтва. Таму прашу ў адпаведнасьці з санкцыямі паводле артыкулу 339 частка 2 прызначыць шэсьць гадоў зьняволеньня”.

Таксама пракурор папрасіў задаволіць пазовы пацярпелых аб кампэнсацыі маральных стратаў. Нагадаю, пацярпелыя міліцыянты просяць спагнаць з палітыка 15 мільёнаў рублёў.

Адвакаты Зьміцер Гарачка ды Ігар Рынкевіч далі суду разгорнуты аналіз доказаў, якія падало сьледзтва. Першы з адвакатаў выступаў болей за гадзіну, прамова другога доўжылася амаль дзьве гадзіны. Паводле адвакатаў, у судзе гэтак і не было даказана, што Аляксандар Казулін хуліганіў ды арганізоўваў вулічныя беспарадкі. Абодва абаронцы тлумачаць перасьлед Казуліна выключна палітычнымі прычынамі. Зьміцер Гарачка заўважыў пра вельмі істотную акалічнасьць:

(Гарачка: ) “Гэта тая акалічнасьць, што падчас падзеяў 17 лютага і 2 сакавіка Аляксандар Казулін ня быў простым грамадзянінам, а меў пэўны статус. Але гэты статус ня быў адлюстраваны ні падчас папярэдняга расьсьледаваньня, і не заўважаны ў выступах пракурора ў судзе. Гэта тое, што Аляксандар Казулін меў статус кандыдата на прэзыдэнта”.

Паводле адвакатаў, калі б Аляксандар Казулін ня быў удзельнікам выбараў прэзыдэнта, ён бы не імкнуўся 17 лютага правесьці прэсавую канфэрэнцыю ў Нацыянальным прэс-цэнтры, куды яго не пусьцілі. Гэтак жа ён бы не імкнуўся 2 сакавіка на Ўсебеларускі сход, куды яго таксама не пусьцілі, ды яшчэ зьбілі й затрымалі. Гэты інцыдэнт адвакаты назвалі “захопам закладніка”. Паводле абаронцы Ігара Рынкевіча, Аляксандар Казулін дагэтуль зьяўляецца “палітычным закладнікам”.

“Пройдзе час, людзі забудуць, хто судзіў і вёў сьледзтва супраць Казуліна, а ягонага імя не забудуць”, — сказаў у сваёй прамову адвакат. Ігар Рынкевіч мяркуе, што асуджэньне Аляксандра Казуліна неабходнае на тое, каб ніхто больш не імкнуўся ўдзельнічаць ў выбарах прэзыдэнта. Адвакат папрасіў суд апраўдаць палітыка й заклікаў завесьці крымінальныя справы супраць сьведак-міліцыянтаў, якія давалі, як лічыць Ігар Рынкевіч, ілжывыя сьведчаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG