Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як могуць разгортвацца падзеі ва Ўкраіне?


Тацяна Поклад, Прага У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зьмяніўся балянс сілаў. На пасаду прэм’ера прапанаваная кандыдатура Віктара Януковіча, галоўнага суперніка прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Кандыдатуру Януковіча падтрымала Партыя рэгіёнаў, сацыялісты і камуністы, якія напрыканцы мінулага тыдня, у пятніцу ўтварылі сваю кааліцыю. Раней лідэр сацыялістаў Аляксандар Мароз выйшаў з “аранжавай кааліцыі” ў абмен на месца сьпікера. Тым часам каля будынку Вярхоўнай Рады сабраліся некалькі сотняў прыхільнікаў “аранжавай рэвалюцыі”.

Аналітыкі разглядаюць пытаньне, якім чынам можа зьмяніцца зьнешняя палітыка Ўкраіны пры ўрадзе Віктара Януковіча, лідэра Партыі рэгіёнаў.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка мае 15 дзён, каб прыняць рашэньне адносна кандыдатуры Віктара Януковіча, – 15 дзён на тое, каб прааналізаваць яго магчымыя пляны палітычных і эканамічных рэформаў. І, вядома, адносна зьнешняй палітыкі”.

Аляксандр Сушко, кіраўнік кіеўскага “Цэнтра Міру, канвэрсіі і зьнешняй палітыкі”, кажа, што з прыходам Віктара Януковіча самая ідэя адносна далучэньня Укріны да НАТО будзе перагледжаная. Партыя рэгіёнаў супраць далучэньня Украіны да НАТО, так што, паводле аналітыка, нават прапанаваны рэфэрэндум па гэтым пытаньні мала што зьмяняе.

Вынікі нядаўніх апытаньняў сьведчаць, што пазыцыя Януковіча адносна НАТО адлюстроўвае настроі многіх украінцаў.

Калі Януковіч прыйдзе да ўлады, Юшчанка таксама можа сутыкнуцца з супрацівам ураду ідэі інтэграцыі ў Эўразьвяз.

Украінскі аналітык Александр Сушко сказаў нашаму радыё, што прыхільнікі Януковіча маюць досыць няпэўную пазыцыю што да эўраінтэграцыі – яны не выступаюць цалкам супраць, але ня возьмуць на сябе ніякіх сур’ёзных абавязаньняў, – гэта будзе пазыцыя, падобная падыходу Леаніда Кучмы, які быў ва ўладзе да 2004 году. А.Сушко адзначыў, што В.Януковіч выступае за блізкія дачыненьні з Расеяй і СНД, але ня мае канкрэтнай праграмы перамоваў з Расеяй адносна энэргарэсурсаў.

Зь ім згодны іншы ўкраінскі аналітык, Аляксей Каламіец, які ачольвае ў Кіеве “Цэнтар эўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледаваньняў”, аднак ён заўважае, што хаця Партыя рэгіёнаў і прарасейская, наўрад ці яна створыць такія блізкія дачыненьні з Масквой, як Беларусь ці Ўзбэкістан. Паводле яго, кожны ўрад будзе вымушаны лічыцца з меркаваньнямі Заходняй Украіны.

У апошнім выданьні тыднёвіку “Time” у артыкуле, прысьвечаным аналізу магчымых зьменаў украінскай палітыкі, адзначаецца што, калі Януковіч будзе прэм’ерам, яго ўрад, падобна, увядзе новыя падаткі, аблегчыць ціск на кампаніі, якія раней па выгодных коштах купілі яго сябры, і папросіць Расею ў абмен на ляяльнасьць зьнізіць кошты на газ.

Украінскія аналітыкі адзначаюць таксама, што спробы зьмяніць празаходнюю палітыку Ўкраіны з боку ўраду будуць блякавацца прэзыдэнтам, што зробіць новы кабінэт неэфэктыўным. Экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка ўчора ўжо заклікала да новых парлямэнцкіх выбараў, што, паводле яе, зьяўляецца адзіным выйсьцем з крызысу. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка пакуль не камэнтуе прапановаў новых выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG