Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прафсаюз пратэставаў супраць парушэньня правоў (фота)


Радыё Свабода Сёньня ў Менску актывісты прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці выставілі пікет супраць парушэньня ўладамі прафсаюзнага заканадаўства.

Каля двух дзясяткаў сяброў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці сабраліся ў парку Дружбы народаў. Яны трымалі плякаты “Моцныя прафсаюзы — справядлівае грамадзтва”, “Кантракты — удаўка на шыі работніка” ды іншыя. У акцыі ўдзельнічалі рабочыя Менскага аўтазаводу. Паводле іхнага лідэра Ўладзімера Волкава, якраз абароне правоў прафсаюзнай суполкі гэтага прадпрыемства й была прысьвечаная сёньняшняя акцыя:

(Волкаў: ) “Ня хочуць рэгістраваць. Ні на заводзе, ні па месцы рэспубліканскага прафсаюзу. Нам тут даюць памяшканьне для працы. Людзі тут зьбіраюцца. У нас ужо каля сямідзесяці чалавек, добрых актыўных хлопцаў”.

Іншы ўдзельнік акцыі, рабочы МАЗу Раман Пазьняк мяркуе, што на гэтым прадпрыемстве вельмі патрэбны незалежны прафсаюз:

(Пазьняк: ) “Па-мойму, вельмі патрэбны. Таму што той прафсаюз, які дзейнічае ў нас на заводзе, ён створаны зьверху. І ён не выконвае сваёй функцыі. Вельмі нязначную дапамогу аказвае ён рабочым. Можна сказаць, што наагул не аказваецца ніякай дапамогі”.

Старшыня рэспубліканскай арганізацыі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч паведаміў, што ўлады адмаўляюцца рэгістраваць прафсаюзныя суполкі і ў іншых гарадах — Гомелі, Магілёве, Горадні, Барысаве. Таму да менскай акцыі далучыліся й прадстаўнікі некаторых рэгіёнаў. Гаворыць прафсаюзны актывіст з Барысава Мікалай Пахабаў:

(Пахабаў: ) “Нас прыехала шасьцёра чалавек з Барысава. Гэта сябры Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Два гады мы імкнемся зарэгістраваць нашу першасную арганізацыю. Мы хацелі зарэгістраваць арганізацыю на прадпрыемстве музычных інструмэнтаў — аднак гэтую арганізацыю разагнала адміністрацыя прадпрыемства”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG