Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадару Літвы ў Беларусі прапанавалі пасаду міністра замежных справаў


Радыё Свабода Сёньня прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус прымаў кандыдатаў у склад новага ўраду краіны. Сярод прэтэндэнтаў і цяперашні амбасадар Літвы ў Беларусі Пятрас Вайцякунас. Прэм’ер-міністар Гедымінас Кіркілас хоча бачыць яго міністрам замежных справаў.

Спадар Вайцякунас, які цяпер знаходзіцца ў Вільні, паведаміў нашаму радыё, што сёньня меў кароткую тэлефонную размову з прэзыдэнтам сваёй краіны. Паводле кандыдата ў міністры, “неабходнасьці ў асабістай сустрэчы няма, бо проста месяц таму мы дэталёва абмяркоўвалі праблемы замежнай палітыкі Літвы”.

Да гэтых словаў патрэбнае тлумачэньне — у траўні спадара Вайцякунаса на пасаду міністра прапаноўваў яшчэ былы прэм’ер Альгірдас Бразаўскас. Тады кіраўнік літоўскай дзяржавы і сустракаўся з кандыдатам на міністра. Але Бразаўскас нечакана пайшоў у адстаўку, і новы ўрад фармуе ягоны пераемнік Гедымінас Кіркілас.

Згодна з заканадаўствам Літвы, кіраўнік ураду прапаноўвае кандыдатуры, а прэзыдэнт зацьвярджае поўны склад ураду. Што да парлямэнту, дык ён прызначае толькі прэм’ера. Ім ужо стаў спадар Кіркілас. Але рэальна выконваць свае функцыі міністры маюць права толькі пасьля таго, як прысягнуць на вернасьць айчыне ў сэйме. Зыходзячы з гэтага, спадар Вайцякунас пакуль адмаўляецца ад інтэрвію. Аднак дачыненьні сваёй краіны зь Беларусьсю патэнцыйны міністар бачыць так:

(Вайцякунас: ) “Будзем працягваць тую палітыку, якая была да гэтага часу”.

Дэпутат літоўскага парлямэнту Вацлаў Станкевіч лічыць, што курс замежнай палітыкі Літвы з прыходам новага ўраду ня зьменіцца:

(Станкевіч: ) “Ён якім быў пры ўрадзе большасьці, такім і застанецца пры прэм’еру Кіркіласу й новым міністру замежных справаў Вайцякунасу. Як мне падаецца, спадар Вайцякунас ужо другі год працуе амбасадарам у Беларусі. Ён добра ведае становішча ў краіне, і ад гэтага нашыя дачыненьні мусяць толькі палепшыцца”.

Да працы ў Беларусі (з 29 ліпеня 2005 году) спадар Вайцякунас быў амбасадарам Літвы ў Латвіі, а раней працаваў дарадцам прэзыдэнта ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG