Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць на саміце ў Санкт-Пецярбурзе гаварыць пра Беларусь?


Юры Дракахруст, Прага 15-17 ліпеня ў Санкт-Пецярбурзе адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў васьмі прамыслова разьвітых краінаў сьвету.

Сябрамі клюбу зьяўляюцца 4 зь пяці сталых сябраў Рады бясьпекі ААН, на долю гэтых васьмі дзяржаваў прыпадае амаль палова міжнароднага гандлю і больш за палову ўсясьветнай прамысловай вытворчасьці. Яшчэ адным, дзевятым сябрам клюбу зьяўляецца Эўрапейскі зьвяз, як арганізацыя, хаця ў самой “васьмёрцы” палова сябраў уваходзіць у Зьвяз. Акрамя таго, на саміты “васьмёркі” звычайна запрашаюць кіраўнікоў уплывовых дзяржаваў, якія не ўваходзяць у гэты клюб, прынамсі, у Санкт-Пецярбург запрошаныя лідэры Кітаю, Індыі, Паўдзённай Афрыкі, Бразыліі , Мэксыкі і Казахстану.

“Васьмёрка” – гэта не арганізацыя, яе рашэньні ня маюць абавязковай юрыдычнай сілы для яе сябраў. Але існуе мэханізм рэалізацыі гэтых рашэньняў – гэта прэстыж краінаў, лідэр, які даў у коле роўных яму абяцаньне нешта зрабіць, згубіць твар, калі адыдзе ад свайго абяцаньня. У чымсьці саміты “васьмёркі” нагадваюць эўрапейскія кангрэсы XIX стагодьдзя, на якіх вялікія дзяржавы Эўропы вызначалі лёс кантынэнту.

Першы саміт “васьмёркі”, якая тады была яшчэ “сямеркай” , адбыўся ў 1975 годзе. У 1997 годзе да гэтага клюбу далучылася Расея. Першы саміт 1975 году быў прысьвечаны выключна пытаньням міжнароднага валютнага рэгуляваньня. Але зь цягам часу кола пытаньняў, якія разглядалі лідэры, увесь час пашыралася – пераважна гэта былі пытаньні ўсясьветнай эканомікі, але апошнім часам тэмамі дыскусіяў сталі такія праблемы, як міжнародны тэрарызм, бясьпека, змаганьне са злачыннасьцю і шэраг іншых. Саміт 2003 у францускім Эвіяне стаў форумам палагоджваньня супярэчнасьцяў сярод сябраў “васьмёркі”, якія ўзьніклі ў сувязі з вайной у Іраку.

Варта каротка прыгадаць галоўныя тэмы самітаў “васьмёркі” апошніх гадоў.

2001 год Генуя, Італія – барацьба зь беднасьцю, дапамога афрыканскім краінам

2002 год Кананаскіс, Канада – прадухіленьне доступу экстрэмістаў да ядзернай зброі і матэрыялаў

2003 год Эвіян, Францыя – структурныя рэформы ў эканоміках разьвітых краінаў

2004 год Сі-Айлэнд, ЗША – дапамога найбяднейшым краінам сьвету

2005 год Гленіглс, Вялікая Брытанія – дапамога афрыканскім краінам.

Напярэдадні сёлетняга саміту ў Санкт-Пецярбурзе шэраг палітыкаў і правабаронцаў з розных краінаў сьвету, у прыватнасьці зь Беларусі, заклікаюць заходнія краіны-сябры “васьмёркі” скарыстаць сустрэчу для ціску і крытыкі Расеі за яе адыход ад дэмакратыі, за падтрымку антыдэмакратычных рэжымаў і імкненьне дамінаваць у рэгіёне.

Наколькі імаверна, што гэтыя тэмы сапраўды будуць закранутыя падчас саміту? З досьведу папярэдніх сустрэчаў вынікае, што такія праблемы звычайна на падобных самітах не абмяркоўваюцца. Зь іншага боку, як я ўжо сказаў, кола пытаньняў, пра якія вядуць гутарку лідэры “васьмёркі”, увесь час пашыраецца і ўсё калісьці адбываецца ўпершыню. Можа быць, санкт-пецярбурскі саміт і стане першым, дзе пойдзе гаворка аб палітыцы ў галіне правоў чалавека аднаго зь сябраў. Пры гэтым, хутчэй за ўсё, гэта ня будзе адлюстравана ў публічных заявах. Карысьць самітаў “васьмёркі” – у нефармальным характары камунікацыі лідэраў, за зачыненымі дзьвярыма самітаў можа быць сказана больш, чым падчас афіцыйных перамоваў. Да таго ж праблема ўзаемаадносінаў Расеі з суседзямі можа ўзьнікнуць у дыскусіі ўскосна, пры абмеркаваньні пытаньня энэргетычнай бясьпекі, якое сама Расея лічыць цэнтральным пытаньнем саміту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG