Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Пасол ЗША ў Беларусі Дж.Крол: “Беларусь - гэта сумленьне Эўропы”</B>


Ганна Соўсь, Менск Сёньня амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Альбэрт Крол даў інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода. Празь некалькі тыдняў завяршаецца тэрмін ягонай дыпляматычнай місіі ў Беларусі, і на разьвітаньне спадар Крол адказаў на самыя розныя пытаньні Радыё Свабода — пра ўвядзеньне візавых і фінансавых санкцыяў адносна некаторых беларускіх урадоўцаў і пра пэрспэктывы дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі.

Вось што адказаў амбасадар ЗША пра меркаваны разгляд беларускага пытаньня на саміце краінаў “вялікай васьмёркі” ў Расеі 15-17 ліпеня:

(Крол: ) “Наколькі я ведаю, і гэта публічна сказала Кандаліза Райс, якая нядаўна ўзьняла гэтае пытаньне падчас сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў “вялікай васьмёркі” ў Маскве, у тым ліку са спадаром Лаўровым, што трэба гаварыць пра Беларусь. І гэта ня як паўтарэньне Ялцінскіх дамоўленасьцяў, як было ў гісторыі, за сьпінай у Беларусі… Не, гэта, як сказала публічна Кандаліза Райс, а таксама кіраўнікі МЗС краінаў Эўразьвязу і кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна, трэба, каб у Беларусі была дэмакратычная супольнасьць і дэмакратычная палітычная сыстэма, і гэта асабліва важна для паляпшэньня жыцьця беларусаў, а таксама для расейцаў і для ўсіх суседзяў Беларусі.

Мы, амэрыканцы і эўрапейцы, лічым, што дэмакратычная супольнасьць у Беларусі — гэта падмурак стабільнасьці, росквіту і міру ў гэтым рэгіёне. Мы ня бачым пагрозы з боку Беларусі ў пляне палітычнай сытуацыі, але Беларусь — частка Эўропы, гэта сэрца Эўропы, але гэта ня толькі сэрца, гэта сумленьне Эўропы.

І калі тут не існуе дэмакратычнай сыстэмы й не паважаюць правоў чалавека паводле эўрапейскіх стандартаў, то гэта супярэчыць нават гісторыі Беларусі. Беларусы — старажытны народ, які знаходзіўся ў цэнтры разьвіцьця эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Менавіта тут першы раз у гісторыі чалавецтва быў прыняты вельмі дэмакратычны дакумэнт — “Статут Вялікага Княства Літоўскага”. Наколькі я ведаю, ён быў напісаны па-беларуску. Гэта было ўпершыню ў гісторыі Эўропы. І Беларусь і цяпер павінна быць у цэнтры і паважаць гэтыя каштоўнасьці”.

Цалкам інтэрвію Джорджа Крола і фотарэпартаж будуць апублікаваныя на нашым сайце ў наступныя дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG