Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты патрабуюць ад А. Казуліна кампэнсацыі – 15 мільёнаў рублёў


Алег Грузьдзіловіч, Менск На працэсе над Аляксандрам Казуліным міліцыянты, якіх лічаць пацярпелымі, блытаюцца ў сьведчаньнях, але ўсе патрабуюць матэрыяльнай кампэнсацыі ад былога кандыдата на прэзыдэнта.

На працэсе над Аляксандрам Казуліным міліцыянты, якіх лічаць пацярпелымі, блытаюцца ў сьведчаньнях, але ўсе патрабуюць матэрыяльнай кампэнсацыі ад былога кандыдата на прэзыдэнта.

10 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску аднавіліся судовыя слуханьні справы Аляксандра Казуліна. Другі дзень апытваюць асобаў, якіх прызналі пацярпелымі ў гэтай справе.

Аляксей Якімовіч служыць у менскім палку спэцназу міліцыі. 17 лютага ён быў сярод тых, хто не пусьціў Аляксандра Казуліна і сяброў яго штабу ў Нацыянальны прэс-цэнтар. Казаў, што апынуўся там выпадкова. Таксама заявіў, што Аляксандр Казулін штурхнуў яго, парваў куртку і нават ударыў у твар. Але куды дакладна, сьведчаньні разыходзяцца. Паводле ранейшага пратаколу, Казулін ударыў міліцыянта ў скронь, але ў судзе Якімовіч заявіў, што атрымаў удар у шчаку. Блытаўся Якімовіч і наконт таго, дзе знаходзіўся Аляксандар Казулін у пачатку сутычкі ў фае Нацыянальнага прэсавага цэнтру. Казулін жа на судзе заявіў, што Якімовіч казаў няпраўду. Калі ж у допыт умяшаўся пракурор Сяргей Бортнік, Аляксандар Казулін назваў ягоныя пытаньні падказкай пацярпеламу. З гэтай прычыны неўзабаве ўзьнікла спрэчка паміж Казуліным і судзьдзём Аляксеем Рыбаковым.

(Казулін: ) “Абвінаваўца адказвае за пацярпелага. Што адбываецца ў судзе? Гэта ганьба”.

(Рыбакоў: ) “Абвінавачаны, супакойцеся, чаго вы крычыце?”

(Казулін: ) “Гэта вы супакойцеся. Я пратэстую, бо вы не судзьдзя, а вы памагаты”.

За гэтае выказваньне Аляксандар Казулін атрымаў заўвагу ад судзьдзі. А калі палітык чарговы раз заявіў пра недавер пракурору, судзьдзя гэтае хадайнітва адхіліў.

Пасьля Якімовіча былі дапытаныя салдаты з брыгады Дзьмітрыя Паўлічэнкі — Лосеў, Глухароў і Бяляеў. 25 сакавіка яны былі сярод некалькіх соцень міліцыянтаў, якія спынілі рух калёны дэманстрантаў да турмы на Акрэсьціна. У сутычцы гэтыя міліцыянты нібыта пацярпелі. Лосеў казаў пра разьбітую каменем галаву, Глухароў пра зламаны мезенец на правай руцэ, у Бяляева нібыта была траўмаваная нага. Міліцыянты запатрабавалі спагнаць з Казуліна кампэнсацыю за маральныя страты. Бяляеў патрабуе 3 мільёны рублёў, Аляксей Якімовіч — 2 мільёны рублёў, а астатнія ацанілі страты на 5 мільёнаў кожны. Такога вялікага памеру кампэнсацыі яны нічым не патлумачылі.

Сьведка з боку Казуліна, кіраўнік перадвыбарчага штабу Мечыслаў Грыб, распавядаў пра падзеі 2 сакавіка, калі Аляксандра зьбілі й затрымалі, у выніку ў міліцыі Казулін разьбіў шкло на партрэце Аляксандра Лукашэнкі. Мечыслаў Грыб зьвярнуў увагу на тое, што сама прычына затрыманьня Аляксандра Казуліна сьледзтвам ня высьветленая.

(Грыб: ) “Тады паўстае пытаньне: за што Казуліна затрымалі. Беспадстаўна? Але калі беспадстаўна такое робіцца, то... Зразумела, чалавек складаецца з нэрваў і будзе неяк рэагаваць на незаконныя дзеяньні. Мне здаецца, што ўсё тут ужо загадзя замоўлена: каму, колькі й за што”.

У судовай залі Аляксандра Казуліна ахоўваюць ад 6 да 8 міліцыянтаў. Сёньня з залі выдалілі брата палітыка Ўладзімера Казуліна — за тое, што засьмяяўся, пачуўшы паказаньні пацярпелага Якімовіча. Былога кандыдата на прэзыдэнта пачалі судзіць 6 ліпеня.

У суд прыйшоў сьведчыць былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб

Ірына Казуліна ў судзе Маскоўскага раёну падчас перапынку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG