Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Рыбакоў адхіліў большасьць хадайніцтваў Казуліна (фота)


Радыё Свабода У Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс над былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, якому пагражае шэсьць гадоў зьняволеньня. У першы дзень працэсу спадар Казулін і ягоныя адвакаты падалі болей за дзесяць розных хадайніцтваў, але ніводнае зь іх не было задаволенае.

Вось з такіх аплядысмэнтаў на адрас Аляксандра Казуліна пачаўся 6 ліпеня ў Маскоўскім судзе Менску працэс над былым кандыдатам на прэзыдэнта. Нагадаю, палітык знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка. Яго вінавацяць у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Вінаватым ён сябе не прызнае, а сёньня ў судзе пасьпеў заявіць, што яшчэ да выбараў прадбачыў, што будзе працэс над ім, паколькі ўлада не даруе крытыкі.

Гэтыя словы былі сказаныя ў судзе, а за гадзіну да таго падзеі перад судом быццам іх праілюстравалі. Перад будынкам суду сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку журналісты й дыпляматы. Амапаўцы не адразу пусьцілі іх у судовую залю — нібыта таму, што не хапае месцаў. Як потым высьветлілася, што частку месцаў у залі занялі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Ня здолелі прайсьці на суд і былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч, а таксама вядомыя апазыцыйныя палітыкі Вінцук Вячорка, Мікалай Статкевіч ды іншыя, якія прыйшлі падтрымаць Аляксандра Казуліна. Аляксандар Мілінкевіч на ганку суду гэтак камэнтаваў працэс над Аляксандрам Казуліным:

(Мілінкевіч: ) “Калі б ён ня быў кандыдатам, усё б было інакш. Ішла мірная дэманстрацыя. Яна ні камянёў ня несла, ні палак, ні зброі. Але іх зьбілі. Таму для мяне адназначна — гэта справа палітычная. У нармальных краінах кандыдатаў на прэзыдэнты судзяць вельмі рэдка. Я пра такія выпадкі за апошні час ня ведаю”.

Нават калі праз гадзіну для журналістаў у залі знайшліся месцы, назіраць за працэсам ім давялося нядоўга. Судзьдзя Аляксей Рыбакоў выдаліў усіх прысутных, бо нехта пасьмяяўся са словаў пракурора Сяргея Бортніка.

Сёньня судзьдзя адхіліў болей за дзесяць хадайніцтваў Аляксандра Казуліна і ягоных адвакатаў, у тым ліку хадайніцтвы пра адвод судзьдзі, пра дазвол абараняць Казуліна ягонай дачцэ ды шэраг іншых. Не задаволілі й просьбы побытавага характару. Аляксандар Казулін прасіў перадаць яму рамень для штаноў, паколькі за тры месяцы сядзеньня ў ізалятары ён схуднеў, а таксама прасіў даць яму вады й падчас перапынку не зьмяшчаць у камэру бяз вокнаў, дзе вельмі горача. На просьбу Казуліна адгукнуліся толькі канваеры, якія сталі здымаць яму кайданкі яшчэ на ўваходзе ў жалезную клетку, дзе трымаюць падсудных.

Аляксандар Казулін і ягоныя адвакаты папрасілі дапытаць у судзе некаторых дзяржаўных асобаў — у тым ліку кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава і ягоных падначаленых Зьмітра Паўлічэнку, Юр’я Падабеда, Мікалая Карпянкова ды іншых. Паводле боку Казуліна, гэтыя асобы могуць шмат распавесьці пра падзеі, якія будзе вывучаць суд. На момант падрыхтоўкі матэрыялу лёс гэтых хадайніцтваў невядомы. Варта нагадаць, што да працэсу судзьдзя Рыбакоў ужо адхіляў гэтыя хадайніцтвы.

Пракурор Сяргей Бортнік адмовіўся камэнтаваць для журналістаў падзеі, якія адбываюцца над працэсе.

Абарона Казуліна спадзяецца, што на працэсе ўдасца заслухаць дадаткова сьведкаў, якіх ня выслухала сьледзтва. Таму прадказаць, калі працэс закончыцца, адвакаты не бяруцца. Аднак назіральнікі ўжо заўважылі, што такія разьлікі адвакатаў могуць парушыць плян, які ўжо мае суд. Дакладна вядома, што ўжо складзены сьпіс сьведкаў на некалькі наступных дзён — у тым ліку амапаўцаў, якія будуць казаць пра тое, як іх быццам зьбівалі прыхільнікі Казуліна.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG