Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць суд над Аляксандрам Казуліным


Алег Грузьдзіловіч, Менск А 12-ай гадзіне судзьдзя Аляксей Рыбакоў выдаліў з судовай залі ўсіх прысутных – фармальна за гоман. Як перадае карэспандэнт "Свабоды", які сочыць за хадой працэсу, сваякі Аляксандра Казуліна пачалі сьмяяцца пасьля таго, як пракурор заявіў, што дачка Казуліна Вольга, юрыстка з адукацыі, ня мае права абараняць свайго бацьку, паколькі ня мае ліцэнзіі на такую дзейнасьць. Аднак, як сьцьвярджаюць праваабаронцы, паводле закону, родныя маюць права абараняць сваіх сямейнікаў і без атрыманьня адпаведнай ліцэнзіі.

Суд адхіліў хадайніцтва Аляксандра Казуліна пра тое, каб яму вярнулі рэмень (за кратамі ён схуднеў на 10 кіляграмаў і вымушаны падтрымліваць нагавіцы рукамі, калі ўстае).

Цяпер у судовым працэсе перапынак, судзьдзя вырашае лёс пададзеных хадайніцтваў. У адным зь іх Аляксандар Казулін просіць зьмяніць яму меру стрыманьня і вызваліць з-пад варты, паколькі лічыць, што злачынствы, у якіх яго абвінавачваюць, не зьяўляюцца цяжкімі.

* * * Судовы працэс над экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным пачаўся са спазьненьнем. У судовую залю пусьцілі толькі сваякоў, абаронцаў, дыпляматаў і некаторых журналістаў. Адміністрацыя суду патлумачыла гэта невялікім памерам судовай залі. Як паведаміў "Свабодзе" праваабаронца Алег Воўчак, на працэсе сярод прысутных знаходзяцца каля 10 коратка паголеных людзей у цывільным. Паводле Воўчака, гэта супрацоўнікі спэцслужбаў.

Калі Аляксандра Казуліна прывялі ў судовую залю, прысутныя каля 3 хвілінаў віталі яго воплескамі, на што судзьдзя Аляксей Рыбакоў зрабіў заўвагу прысутным.

Абаронцы заявілі суду шэраг хадайніцтваў, у тым ліку і аб тым, каб для працэсу выдзелілі большую залю.

З залі суду ўжо выйшаў амбасадар Нямеччыны, і на пытаньне журналістаў, палітычным ці крымінальным лічыць ён гэты працэс, адказаў, што судзяць менавіта экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

У суд Маскоўскага раёну Менску падтрымаць Аляксандра Казуліна сёньня прыйшлі многія вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, у тым ліку Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Статкевіч, Валеры Леванеўскі, Вінцук Вячорка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG