Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: “Пазытыўныя зьмены могуць ісьці вельмі нялёгка й павольна”


Радыё Свабода, Менск У размове са “Свабодай” кіраўнічка рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, нямецкая сацыял-дэмакратка Ута Цапф заявіла, што збольшага задаволеная сёньняшнім круглым сталом і тым, што ў ім удзельнічалі як прадстаўнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі, так і сябры апазыцыі.

(Цапф: ) “Зразумела, за адну гадзіну цяжка правесьці зьмястоўную дыскусію. Мы паставілі вельмі прынцыповае пытаньне: як мы будзем будаваць дачыненьні далей? Зыходзячы са свайго мандату, я прапанавала правесьці дыялёг паміж прадстаўнікамі палітычных партыяў і парлямэнтарамі ў Менску. Тэмы ўсё тыя ж, якія мы ўздымалі раней, — Выбарчы кодэкс, свабода мэдыяў. Іншая рэч, наколькі будзе ажыцьцёўлена ўсё, што мы заплянавалі. Карацей, мы заявілі пра чарговую спробу”.

Як паведаміла Ута Цапф, сёньня ўвечары адбудзецца яшчэ адна сустрэча паміж рабочай групай ПА АБСЭ і афіцыйнай беларускай дэлегацыяй, у часе якой абмяркуюць магчымыя тэрміны менскіх сустрэчаў. Аднак, паводле нямецкай дэпутаткі, беларускі бок канчаткова прыме рашэньне, калі вернецца дадому.

Мы пацікавіліся ў спадарыні Цапф: пасьля ўвядзеньня эўразьвязаўскіх санкцыяў супраць менскіх чыноўнікам ці стала цяжэй размаўляць з афіцыйнымі беларускімі асобамі, або наадварот — лягчэй?

(Цапф: ) “Ведаеце, прадстаўнікі афіцыйнага боку былі сёньня, так бы мовіць, вельмі пухнатыя. Сёньняшні круглы стол паказаў, што яны хочуць вярнуць сытуацыю назад да пазытыўных дачыненьняў. Хацелася б аптымістычна паставіцца да гэтага. Але, калі глядзець рэалістычна, то пазытыўныя зьмены могуць ісьці вельмі нялёгка й павольна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG