Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі адбудзецца дыскусія па беларускім пытаньні


Уладзімер Глод, Менск Сёньня днём ў Брусэлі спэцыяльная рабочая група ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якую ачольвае дэпутатка Бундэстагу Ўта Цапф, правядзе дыскусію пра становішча ў краіне. Да ўдзелу ў дэбатах, акрамя сябраў групы, запрошаныя таксама міжнародныя парлямэнтары, афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале з намесьнікам Старшыні Палаты Прадстаўнікоў Сяргеем Забалотцам ды прадстаўнікі палітычнай апазыцыі -- Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька.

Першы сакратар ЦК Партыі камуністаў (Беларускай) Сяргей Калякін не чакае ад круглага стала ў Брусэлі чагосьці надзвычайнага. Ён узгадвае, што было мноства спробаў з боку розных міжнародных арганізацыяў пасадзіць за адзін стол прадстаўнікоў уладаў і апазыцыі. І кожны раз гэта не прыносіла посьпеху, паколькі вэртыкаль не хацела ісьці нават на самыя маленькія саступкі сваім апанэнтам. Але гэтым разам да дэбатаў у Сяргея Калякіна ёсьць асаблівая зацікаўленасьць. У інтэрвію нашаму радыё тлумачыць яе так: (Калякін: ) "Мне цікава, калі будуць прадстаўнікі Нацыянальнага сходу, якую пазыцыю яны агучаць. Я ведаю, што ў адміністрацыі прэзыдэнта ёсьць меркаваньне пра пераход да выбараў у Палату прадстаўнікоў па партыйных сьпісах. З гэтай мэтай рыхтуецца на 15-га ліпеня аб''яднаньне дзьвюх камуністычных партыяў, можа нават з прыцэлам ужо і на мясцовыя выбары. Ці будуць яны казаць пра магчымыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве? Карацей кажучы, важна, як будзе сябе паводзіць афіцыйная беларуская дэлегацыя -- ці яна, як заўжды, зойме глухую абарону і будзе казаць пра тое, што мы нічога ня ведаем, альбо будзе казаць: мы паспрабуем правесьці нейкае рэфармаваньне?".

Сяргей Калякін невыпадкова казаў пра тое, што "калі ў круглым стале" будуць удзельнічаць прадстаўнікі Нацыянальнага сходу. афіцыйная дэлегацыя ужо тры дні знаходзіцца ў Брусэлі, аднак да гэтага часу яна не пацьвердзіла свой удзел у дэбатах. Галоўнымі тэмамі дыскусіі мусяць стаць стан з правамі чалавека, зьмяненьне выбарчага заканадаўства ды выкананьне Беларусьсю сваіх забавязаньняў у рамках АБСЭ.

Учора ўвечары я патэлефанаваў у Брусэль да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, які паведаміў, што сёньняшнія дэбаты абавязкова адбудуцца, незалежна ад таго, ці будзе ў іх удзельнічаць афіцыйная беларуская дэлегацыя:

(Лябедзька:) "Круглы стол адбудзецца, але ў якім фармаце, пакуль невядома: альбо трохбаковым, альбо двухбаковым". Варта нагадаць, што апошні раз падобная сустрэча беларускіх ўладаў і апазыцыі пад эгідай міжнародных структураў адбылася яшчэ ў 2001 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG