Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча адпусьцілі ў Менск на два тыдні


Любоў Лунёва, Менск Кіраўніцтва Баранавіцкай спэцкамэндатуры дазволіла Міколу Статкевічу, які за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму адбывае пакараньне абмежаваньнем волі, гэтак званай “хіміі”, з’ехаць у адпачынак у Менск. Статкевіч лічыць, што рашэньне ўладаў абумоўлена зьнешнепалітычнай сытуацыяй. Два тыдня палітык правядзе са сваёй сям’ёй у Менску. Любоў Лунёва цікавілася, чым Статкевіч плянуе заняцца ў адпачынку.

Мікола Статкевіч працуе на Баранавіцкім прадпрыемстве “Рэмбыттэхніка”. Паводле працоўнага заканадаўства надышоў час чарговага адпачынку. Кіраўнік спэцкамэндатуры Васіль Гардзейка паведаміў апазыцыянэру, што яго могуць не адпусьціць у Менск. Ён патлумачыў, што рашэньне будзе прынята цягам тыдня. Толькі ўвечары 4 ліпеня Міколу Статкевічу дазволілі з’ехаць у Менск.

Нагадаем, Міколу Статкевіча ў часе выбарчай кампаніі, а таксама ў дні, калі праводзіліся вулічныя акцыі апазыцыі, ізалявалі ў інтэрнаце спэцкамэндатуры. 45 дзён палітык правёў у пакоі разам з супрацоўнікамі міліцыі, якія за ім назіралі. Апазыцыянэр заявіў, што ізаляцыя горш за рэжым пазбаўленьня волі, бо яго не выводзілі на шпацыр і не кармілі. Харчы Статкевічу штодня прыносіў бацька. Палітыка ні на дзень не адпускалі ў Менск.

Гэтым разам ён ужо не спадзяваўся, што паедзе ў адпачынак у Менск.

(Статкевіч:) “Я мяркую, што гэта можа быць зьвязана са зьнешняй палітыкай. З газавым супрацьстаяньнем з Масквой і з другога боку беларускія ўлады спрабуюць крыху залагодзіць Эўропу. Мяне не адпускалі, бо спачатку саміт у Менску, потым вайсковы парад… нечакана для мяне абвясьцілі, што адпускаюць на 15 дзён на адпачынак у Менск. Гэта пры тым, што за тыя адзінаццаць месяцаў, што я знаходжуся ў Баранавічах, у адрозьненьне ад іншых асуджаных я ніводнага разу ня быў у звычайным трохдзённым штомесячным адпачынку па месцы жыхарства”.

Чым у Менску будзе займацца Мікола Статкевіч? Апазыцыянэр падзяліўся са “Свабодай” сваімі плянамі.

(Статкевіч:) “Ну, я думаю, што ў мяне будзе багата сустрэчаў. Найперш з таварышамі па “Народнай Грамадзе”, з “Эўрапейскай кааліцыяй”, з калегамі па стала дзеючай нарадзе кааліцыі дэмакратычных сілаў. Перш за ўсё гэта. Таксама я буду, як і ўвесь гэты год шмат чытаць і, безумоўна, адпачываць”.

У часе адпачынку Мікола Статкевіч не мае права пакідаць межы гораду. У іншым выпадку ён будзе мець заўвагу за парушэньне правілаў унутранага распарадку і, як вынік, пазбаўлены магчымасьці раней выйсьці на волю.

Праз месяц адміністрацыя спэцкамэндатуры ў вёсцы Малое Сітна будзе вырашаць пытаньне, дзе будзе адпачываць Павал Севярынец. За ім надыдзе чарга Андрэя Клімава ў вёсцы Баршчоўка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG