Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дж.Крол: "Я перакананы, што ў Беларусі будзе вялікая і выдатная будучыня"


Ганна Соўсь, Менск Сёньня з выпадку Дня Незалежнасьці ЗША – прыём у рэзыдэнцыі пасла ЗША ў Беларусі Джорджа Крола. Амэрыканскі пасол выступіў з прамовай на беларускай мове і пасьля зьвярнуўся да слухачоў "Свабоды".

"Няхай жывуць ЗША і жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!" – гэтыя словы ў прамове пасла Джорджа Крола выклікалі гучныя і працяглыя воплескі прысутных. Дарэчы, словы "незалежнасьць", "свабода", "дэмакратыя" найчасьцей гучалі ў прамове спадара амбасадара.

Ён сказаў, што амэрыканскі народ прайшоў шмат выпрабаваньняў, перш чым пабудаваў свабодную, дэмакратычную дзяржаву.

Джордж Албэрт Крол гаварыў, як звычайна, па-беларуску і па-ангельску. Ён сказаў вельмі шмат цёплых словаў пра Беларусь, якую назваў сваёй другой радзімай, падзякаваў агульнаму герою беларускага і амэрыканскага народаў Тадэвушу Касьцюшку, які ваяваў за незалежнасьць Злучаных Штатаў.

Гаворачы пра блізкае завяршэньне сваёй дыпляматычнай місіі, спадар Крол адзначыў, што разумее пачуцьці Касьцюшкі, які пакідаў беларускую зямлю. Джордж Крол зьвяртаецца да слухачоў "Свабоды":

(Крол: ) "Вялікі дзякуй за гэтую магчымасьць яшчэ раз пагаварыць са слухачамі "Свабоды" на беларускай мове. Сёньня, 4-га ліпеня, Дзень Незалежнасьці ЗША. Надвор''е ў Менску выдатнае і вельмі прыгожае. Як беларускі народ, як Беларусь.

Як вы ведаеце, гэта маё апошняе сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ў Беларусі. Мне здаецца, ёсьць месца эмоцыям. Я ўжо гаварыў: калі я прыехаў сюды ў аэрапорт тры гады таму, я адчуў сябе як дома. Гэта было тады, і гэта засталося да сёньня.

Канечне, можа, я б гаварыў лепш па-беларуску... Гэта вельмі прыгожая мова, як і народ. Я жадаю ўсім беларусам усяго найлепшага. Я ўпэўнены, што Беларусь мае вялікую і выдатную будучыню.

Можа, я і далёкі ад Беларусі чалавек, але маё сэрца і спадзяваньні заўсёды будуць зь Беларусьсю".

Джордж Крол будзе госьцем "Свабоды" ў панядзелак, 10-га ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG