Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Зялёныя" крытыкуюць нямецкага прэзыдэнта за віншавальны ліст Лукашэнку


Алена Струвэ, Менск Нямецкія "зялёныя" рэзка скрытыкавалі прэзыдэнта краіны Хорста Кёлера за ягоную віншавальную тэлеграму беларускаму лідэру Аляксандру Лукашэнку з нагоды нацыянальнага сьвята Беларусі 3 ліпеня. Паводле нямецкіх палітыкаў, яны абураныя пасланьнем бундэспрэзыдэнта на адрас беларускага дыктатара. "Зялёныя" сьцьвярджаюць, што, зьвяртаючыся да Лукашэнкі як да партнэра Нямеччыны, Кёлер, гэтак мовіць, абыходзіць агульнапрынятую лінію.

Паводле кіраўніка фракцыі Фрыца Куна, падобны падыход Кёлера выглядае “непрымальным” і “незразумелым”. У сваім віншавальным пасланьні Кёлер жадае Беларусі больш цеснага супрацоўніцтва зь Нямеччынай, у тым ліку, у галіне грамадзянскай супольнасьці. Аднак, гэтае супрацоўніцтва, як і супрацоўніцтва ў іншых галінах з кожным годам істотна пагаршаецца.

Бундэспрэзыдэнт Кёлер таксама прадэманстраваў у сваім віншаваньні ўпэўненасьць у будучыні двухбаковых дачыненьняў. Гэтыя дачыненьні, аднак, могуць разьвівацца пры ўмове прызнаньня бакамі дэмакратычных каштоўнасьцяў і выкананьня імі міжнародных абавязаньняў. Тым часам, падкрэсьліваюць сябры фракцыі "зялёных", рэжым Лукашэнкі не аднойчы ігнараваў міжнародныя прынцыпы і абавязаньні. У зьвязку са шматлікімі парушэньнямі дэмакратычных правоў і стандартаў з боку беларускага кіраўніцтва ў часе правядзеньня апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ЭЗ І ЗША ўвялі санкцыі супраць вядучых менскіх чыноўнікаў.

Нямецкія палітыкі настойваюць на тым, каб урад краіны выправіў тое памылковае ўражаньне, якое мог зрабіць на грамадзкасьць ліст Кёлера.

Дэпутаты Бундэстагу таксама зьвярнуліся да фэдэральнага ўраду з тым, каб беларускае пытаньне было разгледжанае ў часе саміту вялікай васьмёркі, што адбудзецца ў Пецярбургу. Гаворыць сябра партыі зялёных Марылюіза Бэк

(Бэк) “Беларускае пытаньне павінна быць узьнятае ў Пецярбургу. Афіцыйны Менск па-ранейшаму ігнаруе дэмакратычныя свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, свабоду сходаў і гэтак далей, і такім чынам надалей ізалюецца ад Эўропы. Калі Расея выступае з прапановай пра дыялёг зь Беларусьсю, то, зразумела, удзельнікам пецярбурскага саміту трэба й спытацца ў Расеі, якую ролю яна зьбіраецца адыгрываць ува ўсім гэтым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG