Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі ў адлюстраваньні мэдыяў: Лукашэнка, Ніязаў, Буш


Валер Каліноўскі і Юрась Бушлякоў, Прага Сродкі масавай інфармацыі ўвесь час ахвотна пішуць пра незвычайных, эксцэнтрычных палітычных лідэраў. Пры гэтым, праўда, за крытычным, а часам і камічным адлюстраваньнем дзейнасьці такіх лідэраў мэдыі нярэдка не зьвяртаюць належнай увагі на сытуацыю ў краінах, якімі кіруюць гэтыя лідэры.

(Вядоўца: ) “Пра вобразы некаторых палітычных лідэраў у сродках масавай інфармацыі мы пагаворым зараз з маімі калегамі Юрасём Бушляковым і Валерам Каліноўскім. Пачнем з асобы туркмэнскага прэзыдэнта Сапармурата Ніязава. Юрась, вы пераглядалі друк апошніх тыдняў – глядзелі, што пішуць пра Ніязава, як падаюць гэтую асобу. Якія ўражаньні?”

(Бушлякоў: ) “Сапармуратава Ніязава называюць недарэчным, эксцэнтрычным, шалёным, бязьлітасным, апісваюць як дэспата-дыктатара. Мэдыі ахвотна тыражуюць дзівачныя выказваньні Туркмэнбашы: напрыклад, ягоную крытыку выкарыстаньня жанчынамі-телевядоўцамі касмэтыкі. Пішуць, натуральна, і пра дзівачныя ўчынкі: мала хто не ўспамінае, што Ніязаў пераназваў дні тыдня і месяцы.

Аднак жа канцэнтруючыся на капрызах і дзівацтвах пажыцьцёвага туркмэнскага прэзыдэнта, многія заходнія сродкі масавай інфармацыі не даюць належнай карціны таго, што дзеецца ў краіне, якой кіруе Ніязаў.

У гэтай краіне апазыцыйная дзейнасьць забароненая паводле закону, і ўсякія сумневы ў правамернасьці дзеяньняў Туркмэнбашы караюцца турэмным зьняволеньнем. Туркмэнскія дзеці змушаныя здавольвацца, як правіла, дзевяцікляснай адукацыяй – на большай адукацыі туркмэнскія ўлады эканомяць. Эканомяць яны й на мэдыцыне – сыстэма мэдычнага абслугоўваньня ў рэгіёнах практычна разбураная. Значная частка пэнсіянэраў пазбаўленая права на атрыманьня пэнсіяў. Туркмэны пазбаўленыя балету, опэры, цырку – Ніязаў вырашыў, што гэтыя віды мастацтва супярэчаць туркмэнскім нацыянальным традыцыям.

Карацей, той вобраз Ніязава, які нярэдка падаюць мэдыі, занадта лёгкі, ветраны ў параўнаньні з тым, што прынёс гэты чалавек туркмэнскаму народу”.

(Вядоўца: ) “А цяпер давайце пераключым увагу на кіраўніка Беларусі. Якім паўстае ў замежных СМІ Аляксандар Лукашэнка? Валер, якім вы ўбачылі вобраз Лукашэнкі?”

(Каліноўскі: ) “Пра Аляксандра Лукашэнку як пра асобу ў зьдзеклівым тоне замежныя СМІ пішуць даволі рэдка. Значна больш увагі яны аддаюць парушэньням правоў чалавека ў Беларусі, аўтарытарнаму стылю кіраваньня Лукашэнкі, іншым беларускім праблемам.

Вось у апошняй публікацыі “International Herald Tribune”, у якой Аляксандар Лукашэнка згадваецца ў сувязі з рашэньнем ЗША замарозіць грашовыя рахункі найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі, зазначаецца, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе з 1994 году і разглядаецца краінамі Захаду як “апошні дыктатар Эўропы”, і што апошнія выбары ён выйграў у выніку фальсыфікацыяў і грубых парушэньняў правоў чалавека.

Сёлета падчас выбарчай кампаніі пра Беларусь і яе кіраўніка замежныя СМІ пісалі шмат, але карыкатурных партрэтаў Лукашэнкі амаль не было, а былі ясныя ацэнкі ягоных дзеяньняў.

Праўда, апошнім часам СМІ Цэнтральнай Эўропы пачалі пісаць пра Лукашэнку больш разьняволена. Некалькі месяцаў таму цэнтральныя газэты Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны ў адзін дзень выйшлі з вострымі карыкатурамі на Аляксандра Лукашэнку. Іх падштурхнула да такой супольнай акцыі крымінальная справа, заведзеная ў Беларусі за сатырычныя інтэрнэт-мультфільмы пра Лукашэнку. Славацкая газэта “Sme” надрукавала, напрыклад, выяву Лукашэнкі, які трымае Беларусь у клетцы, або як Лукашэнка ў форме хакеіста з клюшкай праваліўся пад лёд, а палонка нагадвае абрысы Беларусі.

Славацкі аўтар гэтых карыкатур пра Лукашэнку Марцін Сутавец мяркуе, што выпадак з дацкімі карыкатурамі на прарока Мухамэда паказаў сілу гэтага жанру мастацтва, і цяпер карыкатуры павінны давесьці, што дыктатарам няма месца ў Эўропе”.

(Вядоўца: ) “Апошнім дыктатарам Эўропы Лукашэнку назвала адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта Буша. А ці шмат карыкатур на самога Буша?”

(Каліноўскі: ) “Колькі заўгодна. І ў газэтах, і асабліва ў Інтэрнэце. Тысячы і тысячы здымкаў, каляжаў, карыкатур, часамі вельмі вострых. Напрыклад, як прэзыдэнт Буш са сваім бацькам ловяць рыбу на вуліцах разбуранага і затопленага пасьля ўрагану “Катрына” Новага Арлеану. Газэты зьбіраюць і высьмейваюць памылкі і агаворкі Буша, на тэлебачаньні ў сатырычных праграмах падрабляюць ягоны голас і высьмейваюць некаторыя ўчынкі. Ствараюцца цэлыя фільмы, як “Фарэнгейт 9/11” рэжысэра Майкла Мура, які выклікаў сэнсацыйную цікавасьць сваёй бескампраміснай крытыкай Джорджа Буша.

Але ў дэмакратычных краінах сатыра – неадымная частка палітычнага жыцьця, і зьвестак пра тое, што супраць кагосьці ў ЗША за яе завялі крымінальную справу, няма. У адрозьненьне ад Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG