Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў "Партнэрства" пачнуць судзіць 20 ліпеня


Радыё Свабода Справу грамадзкай незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” маюць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну Менску 20 ліпеня. Тым часам, адвакаты зьняволеных актывістаў працягваюць аспрэчваць неабходнасьць іх утрыманьня пад арыштам.

Пакуль што афіцыйнага паведамленьня ад судзьдзі Ясіновіча не было, ён – у адпачынку. Дату суду паведаміла сакратарка судзьдзі Ясіновіча.

Актывістаў “Партнэрства” абвінавачваюць ва ўдзеле у незарэгістраванай арганізацыі і ў замаху на правы грамадзянаў. Аляксандар Шалайка, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Цімафей Дранчук знаходзяцца пад арыштам з 21 лютага.

Сваякі арыштаваных лічаць, што менавіта перад судом маладзёнам мусяць зьмяніць меру стрыманьня. Гаворыць бацька Цімафея Дранчука Валеры:

(Дранчук: ) “Мы зараз выбіраем усе сродкі, каб абараніць нашых дзяцей. Абараніць – гэта значыць вызваліць іх з-пад варты да суда. Самы складаны пэрыяд. Сьледзтва скончана, знаёмства з матэрыяламі скончана. Я не разумею – чаго тут баяцца. Цімафей пад час нашага спатканьня сказаў: “Я не зьбіраюся хавацца, зьбягаць, уцякаць. Я хачу абараняць і даказваць сваю невінаватасьць у судзе! Калі я буду зьбягаць – гэта будзе азначаць прызнаньне маёй віны”.

Маці Эніры Браніцкай, спадарыня Віялета, днямі мела першае цягам 4-х месяцаў спатканьне з дачкой. Нядаўна Эніру перавялі са сьледчага ізалятару КДБ у турму на вуліцы Валадарскага. Спадарыня Віялета кажа, што вялікім выпрабаваньнем для Эніры зьявілася тое, што яна не паліць.

(Віялета: ) “Сем чалавек у камеры паляць па пачаку цыгарэт на дзень. Яна выпрасіла ў іх 20 хвілін на дзень, калі яны не паляць – пакуль яна "качае" прэс. Падчас прагулкі яна робіць зарадку. А потым, у камэры, "качае" прэс. Запыталася ў яе: “А цягам дня ляжаць вам можна? Пад’ём жа ж а 6 ранку”. Кажа: гледзячы, якая зьмена аховы. Пры некаторых – можна. Пры некаторых – нельга”.

Спадарыня Віялета кажа, што Эніра – моцная асоба і знаходзіць розныя сродкі падтрымаць моц духу нават у гэткіх умовах.

(Віялета: ) “Малюе ўвесь час. Караблікі розных канфігурацый… Жывёлінаў розных малявала… Увесь час шукае матывы для сваіх малюнкаў. Вежу нядаўна даслала – нават у фарбах вежу. Раней, калі ў КДБ яна была, то ўсё ў фарбах малявала – у яе суседкі былі фарбы. А цяпер – алоўкам малюе”.

Цімафея Дранчук імкнецца зрабіць неабходныя працы для дыстанцыйнага навучаньня ў Эўрапэсйкім Гуманітарным Унівэрсытэце. Але цяпер, ва ўмовах сьпякоты, піша ён у лістах, пакутліва проста ляжаць – ня тое, што працаваць над кантрольнымі. Валеры паспрабаваў перадаць сыну ў камэру вэнтылятар:

(Дранчук: ) “Затэлефанаваў у адміністрацыю сьледчага ізалятара КДБ сёньня, запытаўся, ці магу я перадаць вэнтылятар Цімафею. Нехта Мікалай Васільевіч сказаў, што гэта вялікая раскоша. Маўляў, можа яшчэ і пральную машыну перадаць наступным разам?”

Дзякуючы Аляксандру Сакалову, загадчыку сьледчага ізалятару, дазвол на перадачу вэнтылятара Валеры Дранчук атрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG