Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18-я суткі доўжыцца галадоўка моладзевых апазыцыйных актывістаў (фота)


Любоў Лунёва, Менск Удзельнікі акцыі патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Галадаюць дзесяць чалавек. 13 галадоўнікаў ад сёньняшняга дня спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Аляксандар Мілінкевіч наведаў галадоўнікаў і заклікаў іх ад імя аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі спыніць акцыю. Але моладзь пакуль працягвае галадоўку.

Дзевяць галадоўнікаў знаходзяцца разам у адной кватэры ў Менску. Алесь Зарамбюк трымае галадоўку ў Мастах. 13 чалавек спынілі ўдзел у акцыі пратэсту на просьбу кіраўніцтва “Маладога фронту” з-за стану здароўя.

У некаторых галадоўнікаў стан здароўя пагоршыўся. Лекар рэкамэндаваў ім лекі, а таксама распавёў, як галадоўка можа адбіцца на здароўі.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў удзельнікаў акцыі ад імя аб’яднаных дэмсілаў спыніць галадоўку.

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, што гэта лепшыя зь лепшых, мужныя маладыя людзі, якія могуць за сябе пастаяць. Пакуль што ня так шмат людзей у Беларусі, якія могуць пастаяць за свой гонар і за сваё права. Але, шчыра кажучы, вось у мяне ліст ад кааліцыі, у якую таксама і “Малады фронт” уваходзіць, у якім да іх зьвяртаюцца з просьбай спыніць галадоўку”.

Іна Кулей і Людміла Гразнова таксама прасілі ўсіх удзельнікаў акцыі спыніць галадоўку. Яны распавялі, што ўчынак маладафронтаўцаў ужо дасягнуў мэты — пра акцыю і патрабаваньні моладзі ведаюць ня толькі ў беларускім грамадзтве. Іна Кулей паведаміла хлопцам, што іх цяпер вельмі не хапае, бо трэба шмат чаго рабіць. Аляксандар Мілінкевіч папрасіў удзельнікаў акцыі абмеркаваць ягоную просьбу.

Галадоўнікі месьцяцца ў двух пакоях арандаванай кватэры. Яны ляжаць на надзіманых матрацах. Хлопцы шкадуюць, што ў іх няма тэлевізара і радыёпрыймача, каб слухаць “Свабоду”. У кватэры ёсьць кампутар, але няма выхаду ў інтэрнэт. Калі хлопцы ўбачылі каля пад’езду здымачную групу БТ, то падышлі да яе.

Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Чытаем кнігі. Няма ў нас інтэрнэту. Але ў нас няма й прыймача, і мы ня маем магчымасьці слухаць Радыё Свабода. Мы пакуль не зьбіраемся спыняць акцыю, бо лічым, што яшчэ можам уздымаць у грамадзтве гэтую хвалю, гэтыя праблемы, патрабаваньні, якія мы выстаўляем”.

Іра Завадзкая галадае восьмыя суткі. Яна кажа, што яе маці вельмі непакоіцца.

(Завадзкая: ) “Мая маці, як і ўсе маці, хвалюецца за мяне, зразумела. Але яна таксама разумее, бачыць у гэтым нейкі сэнс, хаця й ня ўпэўненая ў выніку. Яна мяне падтрымлівае. Ну, са словамі: “Асьцярожней, глядзі там, калі што, то адразу ж сыходзь”.

Увесь час у кватэру прыяжджаюць палітыкі й прадстаўнікі грамадзкасьці, каб выказаць падтрымку галадоўнікам. Маладафронтаўцы паведамілі “Свабодзе”, што будуць ладзіць флэш-мобы амаль штодня, каб прыцягваць увагу грамадзкасьці да сваіх патрабаваньняў.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG