Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застанецца Пуцін на трэці тэрмін?


Тацяна Поклад, Прага Пасьля таго, як кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка застаўся на трэці тэрмін, павялічыліся засьцярогі, што ва ўсім рэгіёне ўмацоўваецца тэндэнцыя пераглядаць выбарчыя законы дзеля таго, каб захаваць уладу.

Цяпер стала ўздымаецца і пытаньне пра магчымасьць трэцяга тэрміну для кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна.

Прэзыдэнт Расеі, які кіруе краінай другі тэрмін з рэйтынгам папулярнасьці 77 % падобна ня меў бы сур''ёзных супернікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у 2008 годзе.

Фактычна, адразу пасьля інаўгурацыі Пуціна на другі прэзыдэнцкі тэрмін у траўні 2004 увага была скіраваная на тое, ці будзе Пуцін пры ўладзе і на трэці тэрмін. Канстытуцыя Расеі забараняе перавыбраньне на трэці тэрмін, але ці насамрэч гэта будзе перашкодай для Пуціна?

Сам Уладзімер Пуцін ужо адмоўна выказваўся наконт свайго трэцяга тэрміну, спасылаючыся на абмежаваньні ў два тэрміны ў Канстытуцыі. У жніўні летась Пуцін сказаў:

(Пуцін: ) “Можа б я і хацеў бы, але Канстытуцыя краіны не дазваляе гэтага зрабіць. Я лічу, што сёньня для нас у Расеі найважнейшым зьяўляецца стабільнасьць, якая можа быць дасягнутая толькі грунтуючыся на дзейным заканадаўстве.”

Нядаўнія сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што многія расейцы – падтрымалі б зьмены ў Канстытуцыі, якія б зьнялі абмежаваньні прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Паводле дасьледаваньня аналітычнага цэнтру Юрыя Левады, больш за палову апытаных расейцаў рэагавалі б “вельмі станоўча” альбо “адносна станоўча” на тое, каб зьняць перашкоды для трэцяга тэрміну Пуціну.

Супраць гэтага выказаліся 28% апытаных.

Леанід Сядоў з Цэнтру Левады кажа, што колькасьць прыхільнікаў трэцяга тэрміну павялічваецца, калі параўнаць вынікі падобнага апытаньня нядаўна, у траўні сёлета, і ў верасьні летась:

(Сядоў: ) “У травеньскім апытаньні сваю згоду выказалі 59 %, а ў верасьні было 44 %”

Папраўкі Канстытуцыі, калі яны будуць прапанаваныя, павінны былі б адобрыць абедзьве палаты расейскага парлямэнту і рэгіянальныя заканадаўчыя органы.

Ранейшая практыка сьведчыць, што гэта ня было б вельмі складана ў Расеі, але нашмат цяжэй будзе апраўдаць трэці тэрмін перад міжнароднай супольнасьцю. Захад ужо ня раз выказваў заклапочанасьць уціскам дэмакратыі ў часе кіраўніцтва Пуціна.

Пасьля таго, як на трэці тэрмін у Беларусі застаўся Аляксандар Лукашэнка ў многіх палітыкаў на Захадзе зьявілася засьцярога адносна таго, як на былой постсавецкай прасторы абыходзяцца з выбарчымі законамі.

Фармулёўка ў Канстытуцыі Расеі дае і іншыя магчымасьці кіраўніку краіны застацца пры ўладзе. Паводле Канстытуцыі Расеі, прэзыдэнт мае права на два поўныя тэрміны запар – але калі тэрміны няпоўныя, альбо не адзін за адным запар, іх можа быць колькі заўгодна. Таму аналітыкі разглядаюць, да прыкладу, альтэрнатыўныя варыянты.

У ліку магчымых наступнікаў Пуціна называюць ягоных паплечнікаў, першага віцэ-прэм''ера Дзьмітрыя Мядзьведзева альбо міністра абароны Сяргея Іванова. Калі нехта зь іх заняў бы пасаду прэзыдэнта, Пуцін заставаўся бы дэ-факта ўладаром краіны, а пасьля чатырох гадоў перапынку мог бы дамагацца новага тэрміну.

Іншая магчымасьць – пайсьці ў адстаўку крыху раней за той час, калі закончыцца яго поўны другі прэзыдэнцкі тэрмін, і пасьля з поўным правам ізноў удзельнічаць у выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG