Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька выступае за супрацоўніцтва з партыяй А.Казуліна


Радыё Свабода 6 чэрвеня Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сіл абмеркавала пытаньне пра неабходнасьць перамоваў зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) для выпрацоўкі агульнай стратэгіі й пляну дзеяньняў апазыцыі.

Ініцыяваў пытаньне пра кааліцыю з партыяй Аляксандра Казуліна Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сіл. 5 чэрвеня на паседжаньні камітэту яго старшыні Анатолю Лябедзьку было даручана агучыць гэтую ініцыятыву і разгледзець яе на паседжаньні Палітычнай рады.

Вось што спадар Лябедзька паведаміў Радыё Свабода пра вынікі ўчорашняга разгляду:

(Лябедзька: ) “Адбылася пакуль агульная дыскусія пра неабходнасьць узаемадзеяньня зь іншымі суб’ектамі, найперш з тым жа Казуліным і “майданаўцамі”. Гэтая дыскусія не прадэманстравала адзінага падыходу. Калі, напрыклад, я і той жа Сяргей Калякін гаварылі пра неабходнасьць камунікацый, супрацоўніцтва зь іншымі структурамі, то іншыя былі больш асьцярожныя і чамусьці факусіравалі ўвагу на асобе Казуліна, а не ставілі пытаньне больш шырока – пра прыхільнікаў Казуліна і людзей, якія сымпатызуюць Казуліну”.

У ліку тых, хто мае іншы пункт гледжаньня на ўзаемадачыненьні з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада) сябра Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандар Бухвостаў. Ён лічыць, што, калі партыя Казуліна мае жаданьне дзейнічаць супольна, то яна мусіць прыняць рашэньне пра ўваходжаньне ў аб’яднаныя дэмакратычныя сілы:

(Бухвостаў: ) “Так, Казулін як удзельнік прэзыдэнцкіх выбараў атрымаў пэўны рэйтынг па вядомасьці. Але яго партыя – гэта такая ж партыя як любая наша партыя. Таму я дастаткова скептычна гляджу на тое, што гэта дастаткова буйная палітычная сіла, да якой патрэбна ўсёй Палітычнай радзе ісьці на паклон”.

Чым завяршылася абмеркаваньне спрэчнага пытаньня? Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Рашэньне не прымалася – прайшла проста дыскусія. Я думаю, што на наступным паседжаньні мы ўсё ж такі правядзём галасаваньне пра неабходнасьць супрацоўніцтва і прамога перамоўнага працэсу”.

За дыскусіямі ў лягеры аб’яднаных дэмакратычных сіл сочаць сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а найперш яе лідэры. Вось як пракамэнтаваў гэта першы намесьнік старшыні партыі Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “Наша партыя заўжды выступала за тое, каб у Беларусі была адзіная аб’яднаная кааліцыя. Але, на жаль, некаторыя суб’екты кааліцыі рабілі ўсё, каб гэтага не адбылося. Апошняе, што мы зрабілі, гэта калі Казуліна ўжо забралі ў Жодзінскі ізалятар, мы выйшлі з прапановай утварэньня адзінага грамадзкага камітэту па вызваленьні Казуліна і іншых палітычных вязьняў. Але й на сёньняшні дзень мы не атрымалі ад кааліцыі адказу на гэты зварот. І таму сёньня гэта аб’ектыўны працэс, што мае месца вяртаньне да гэтай праблемы – тое, што агучыў Лябедзька”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG