Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо 14 маладафронтаўцаў абвясьцілі галадоўку (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Да галадоўкі пяцёх сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску, якія абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць перасьледу, далучыліся дзевяцёра іхных паплечнікаў у Менску. Маладафронтаўцы патрабуюць, каб улады спынілі крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў апазыцыі.

Максім Сяменчык, Яўген Мядзьведзеў, Мікола Пацкевіч, браты Іван і Ільля Шыла галадаюць у Салігорску ад 29 траўня. На гаўбцы прыватнай кватэры хлопцы вывесілі расьцяжку “Галадоўка”. Міліцыянты запатрабавалі, каб яе зьнялі. Але ў выніку зрываць расьцяжку давялося самім міліцыянтам. Праз паўгадзіны хлопцы вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг.

Ільлю Шылу 13 гадоў, а Івану — 15. Іхная маці лічыць, што недзіцячая справа — трымаць галадоўку, але падтрымлівае сваіх дзяцей.

(Шыла: ) “Яны малаватыя для гэтага, але… Ведаеце, я б, канечне, хацела, каб яны не галадалі, бо гэта не дзіцячая справа. Я таксама разам зь імі галадаю. Падтрымліваю іх. Бачыце, дарослыя ў нас не рэагуюць.Лічу, што здароўе ў Беларусі ў дзяцей, наагул, ня добрае, таму, канечне, я вельмі непакоюся за іхнае здароўе. А пераканаць іх не магу, бо ня слухаюцца”, — сказала Сьвятлана Шыла.

Яе сын Іван заявіў “Свабодзе”, што ня будзе есьці, пакуль грамадзкасьць не запатрабуе ад уладаў спыніць перасьлед моладзевых актывістаў.

(Іван: ) “Увечары актывісты іншыя, якія ня ўдзельнічаюць у галадоўцы, будуць раздаваць улёткі. Актывісты іншых дэмакратычных партыяў і рухаў плянуюць далучыцца да нашай галадоўкі. Афіцэры міліцыі запісалі ўсе нашы патрабаваньні. Я думаю, гэта неяк зварушыць грамадзкасьць у Салігорску. Горад адносна невялікі. Чуткі хутка разыходзяцца. Нам тэлефануюць сябры, знаёмыя, ды іншыя людзі, бо на сайце нашы тэлефоны ёсьць”.

У Менску да галадоўкі салігорцаў далучыліся дзевяцёра сяброў “Маладога фронту” — Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка, Уладзімер Дубовік, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Аляксей Янушэўскі, Аляксандра Яначка, Тацяна Анікеенка й Алена Ігнацьева.

Гаворыць Зьміцер Хведарук:

(Хведарук: ) “Мы абвяшчаем галадоўку ў зьвязку з тым, што рэжым у гэтым годзе пайшоў на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Мы патрабуем сваёй галадоўкай спыніць палітычны перасьлед усіх актывістаў дэмакратычнага руху і асабліва сяброў “Маладога фронту”.

Маладафронтаўцы паведамілі “Свабодзе”, што галадоўка будзе бестэрміновая. Яны разьлічваюць, што ўлады зрэагуюць на іхныя патрабаваньні.

Тым часам 1 чэрвеня сябры “Маладога фронту” будуць сустракаць з-за кратаў сваіх паплечнікаў Зьмітра Дашкевіча й Артура Фінькевіча. На волю выйдзе і актывіст штабу Аляксандра Казуліна Павал Драздоў. Усе яны адбываюць 15 сутак арышту. Апазыцыянэраў затрымалі, калі яны ішлі ў суд Маскоўскага раёну.

***

Пазьней сёньня да чатырнаццаці сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, якія абвясьцілі галадоўку ў Менску і Салігорску, далучыліся яшчэ трое маладафронтаўцаў у Горадні: Яўген Скрабутан, Яўгенія Шасьцерыкова і Зьміцер Цесьлянок.

Сябры “Маладога фронту” разьлічваюць, што цягам сутак іх сябры зь іншых рэгіёнаў далучацца да галадоўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG