Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіўся помнік Феліксу Дзяржынскаму (фотарэпартаж)


Радыё Свабода У Менску на тэрыторыі Вайсковай акадэміі адкрыты помнік Феліксу Дзяржынскаму. Трохмэтровы манумэнт усталяваны з ініцыятывы старшыні Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Аляксандра Паўлоўскага на складкі афіцэраў памежных войскаў. Як да гэтага ставяцца дасьледчыкі й ахвяры савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі?

Цырымонія адкрыцьця помніка прайшла пры ўдзеле старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, вэтэранаў памежных войскаў і курсантаў акадэміі.

У прамове Аляксандар Паўлоўскі падкрэсьліў, што Фелікс Дзяржынскі шмат зрабіў, каб і сёньня супрацоўнікі памежных войскаў былі ўзброеныя ідэалягічна. Дзяржынскі ёсьць станоўчай асобай у гісторыі краіны, паведаміў журналістам спадар Паўлоўскі.

(Паўлоўскі: ) “Дзяржынскі не зьяўляецца адыёзнай фігурай. Ён памёр у 1926 годзе, і я думаю, няправільна будзе, як некаторыя кажуць, зьвязваць яго зь нейкімі рэпрэсіямі. Гэта чалавек, які варты павагі”.

Прадстаўнікі памежных войскаў заяўляюць, што ўсталяваньне помніка ёсьць данінай павагі Дзяржынскаму за ўнёсак у фармаваньне памежнай службы. Аднак гісторык і дасьледчык пэрыяду рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў заяўляе, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці:

(Кузьняцоў: ) “Дзяржынскі ніякага дачыненьня да Чырвонай арміі, да яе стварэньня, ня меў. Акрамя рэпрэсіяў у гэтай арміі. А сам факт усталяваньня помнікаў асобам савецкай дзяржавы, якім дадзеная вычарпальная характарыстыка з гледзішча іхнага ўдзелу ў рэпрэсіях супраць уласнага народу, азначае тое, што ў гэтых людзей, відаць, кароткая памяць. Увогуле, цяпер ідзе рэанімацыя савецкай гісторыі з усімі яе атрыбутамі, дзе было характэрна толькі станоўчае асьвятленьне ўсіх партыйных дзеячаў. Таму цалкам лягічна аднаўляюцца ўсе тыя асобы, якія ў свой час былі прыкладам для перайманьня”.

Праваабаронца й аўтарка кнігі аб усталяваньні савецкай таталітарнай сыстэмы Тацяна Процька кажа, што помнік Дзяржынскаму — вяртаньне ва ўчорашні дзень савецкага мінулага.

(Процька: ) “Нашая краіна (і гэта адчуваецца) жыве ня дзеля заўтрашняга дня, а дзеля ўчорашняга. І тое, што ў нас ставяць помнікі тым людзям, якія прынесьлі шмат гора свайму народу, і гэта прызнана нават расейскай супольнасьцю, гаворыць пра тое, што мы ня ў новай сыстэме каштоўнасьцяў, не эўрапейскай. А вяртаемся да савецкага мінулага, да тых герояў, да тых прынцыпаў, паводле якіх пабудаванае тое мінулае, да той ідэалёгіі. Бо Дзяржынскі ня толькі кіраўнік спэцслужбаў савецкай краіны, але й фігура, якая мае сваё месца ў пэўнай ідэалёгіі. І гэта яшчэ раз падкрэсьлівае тое, што Беларусь, на жаль, рухаецца не наперад, а назад”.

Дасьледчыкі гісторыі рэпрэсіяў 1920-х гадоў заяўляюць, што менавіта Дзяржынскі быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў рэпрэсіўнай савецкай машыны.

(Крывальцэвіч: ) “Дзяржынскі быў адным з дакладных выканаўцаў дактрыны клясавай барацьбы. І, безумоўна, ён арганізаваў работу ў справе “клясавай чысткі”. У тым ліку, безумоўна, актыўна распачынаў масавыя рэпрэсіі з дапамогай карных органаў. У што тое вылілася — вядома. І, безумоўна, ушанаваньне помнікам такой асобы — гэта нонсэнс для сучаснага грамадзтва.

Акрамя таго, гэта адна з праяваў таго, што ў Беларусі рэанімуюцца многія беларускія прынцыпы й сымбалі. Бо, зь іншага боку, абсалютна замоўчваюцца падзеі палітычных рэпрэсіяў у 1930—1950-я гады. Гэта добра відаць, да прыкладу, па Курапатах — што вакол іх рабілася й робіцца.

Таму я разглядаю гэта як адзін з элемэнтаў рэанімацыі саветчыны на тэрыторыі Беларусі й яе ідэалаў. І гэта ўкладаецца ў палітыку, якая цяпер праводзіцца, — на адраджэньне таталітарызму. Многія элемэнты ў нашым жыцьці цяпер прысутнічаюць. І Дзяржынскі — адзін з такіх элемэнтаў, што дапамагае ўсталёўвацца таталітарызму ў Беларусі”.

Дасьледчыца Слуцкага паўстаньня гісторык Ніна Стужынская называе Фелікса Дзяржынскага асобай, якая нясе пагрозу:

(Стужынская: ) “Уся палітыка ў нас робіцца з акцэнтам на сілавыя структуры. Толькі гвалтам адносна грамадзтва, а тым больш да людзей, якія думаюць інакш. І, канечне, гэта вельмі сымбалічна: усім яшчэ раз засьведчылі, што іншага шляху ад гэтага кіраўніцтва ня варта чакаць, ніякіх гульняў у дэмакратыю й правы чалавека.

Сымбалічна, што Грузія ў гэты час адкрыла музэй палітычным ахвярам і змагарам з савецкаю ўладаю. Відаць, што вэктар разьвіцьця гэтай краіны — абсалютна іншы: ісьці да Эўропы й да ўсяго цывілізаванага сьвету. Ну, а ў нас усё наадварот: самы галоўны інструмэнт для ўтрыманьня грамадзтва — гэта страх, рэпрэсіі.

Фігура Дзяржынскага і ў 1920-я гады была вельмі сымбалічная для пэўнай часткі грамадзтва. Дзяржынскі — гэта толькі гвалт, страх, расправы, сьмерць. Гэта пагражальная фігура, пагражальны сымбаль, і людзі павінны над гэтым задумацца”.

У Беларусі імя закладальніка карных органаў ад 1932-га году носіць перайменаванае Койданава. Тут помнік Дзяржынскаму перанесены ў цэнтар горада і цяпер знаходзіцца насупраць будынку мясцовага Савету. Між тым, Койданава, якое часам памылкова лічаць радзімай Дзяржынскага, да яго дачыненьня не мела. Родавы маёнтак Дзяржынскіх – знаходзіўся бліжэй да Івянца . Дарэчы, назва гэтага фальварку –Дзяржынава застаецца адзінай натуральнай тапанімічнай адзінкай на карце Беларусі. На Гомельшчыне, у Чарнобыльскай зоне працягваюць сваё існаваньне дзьве вёскі пад назвай Дзяржынск. Ранейшыя тапонімы – Радзівілавічы і Святоцк былі калісьці зьмененыя з ідэалягічных матываў, ды так і не вернутыя.

Фотарэпартаж









Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG