Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі палохае Крэмль развалам так званай "саюзнай дзяржавы"


Валер Каліноўскі, Прага Прэм''ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі накіраваў кіраўніку ўраду Расеі Міхаілу Фрадкову канфідэнцыйны ліст, у якім апісаў сытуацыю ў беларускай эканоміцы і прагноз ейнага разьвіцьця ў сувязі з магчымым павышэньнем цэнаў на расейскі газ у 2007 годзе. Некаторыя дэталі лісту сёньня падае расейская газэта "Коммерсантъ".

Паводле "Коммерсанта", "упершыню ў расейска-беларускіх адносінах у афіцыйным дакумэнце абмяркоўваецца, хаця і завуалявана, магчымасьць юрыдычнага выхаду Беларусі з саюза Расіі і Беларусі".

Прэсавы сакратар прэм''ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка не пацьвярджае і не абвяргае факт накіраваньня такога ліста ў Маскву. Між тым, як сьцьвярджае "Коммерсантъ", ліст быў накіраваны яшчэ 15 траўня.

У ім Сідорскі нібыта паведаміў, што ў выпадку захаваньня Крамлём нізкіх цэн на газ для Беларусі краіна будзе гатова "прасоўваць вырашэньне пытаньня аб стварэньні сумеснай газатранспартнай арганізацыі". У лісьце канстатуецца, што пераход да эўрапейскіх цэн у гандлі газам "супярэчыць найперш дамове аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі". Гаворыцца таксама аб "разбурэньні самой асновы Саюзнай дзяржавы".

Паводле "Коммерсанта", расейскі прэм''ер Міхаіл Фрадкоў не сьпяшаецца з адказам. 18 траўня ён даручыў кіраўніку Мінпрамэнэрга Расеі Віктару Хрысьценку, кіраўніку Мінэканамразьвіцьця Герману Грэфу, шэфу МЗС Сяргею Лаўрову падрыхтаваць і прадставіць меркаваньні, на падставе якіх будзе рыхтавацца адказ беларускаму прэм''ер-міністру Сяргею Сідорскаму.

А першага чэрвеня ў “Газпроме” чакаюць кіраўніка "Белтрансгаза" Дзьмітрыя Казакова і міністра энэргетыкі Беларусі Аляксандра Азярца. Хутчэй за ўсё, "Газпрому" будуць прадстаўленыя новыя прапановы па стварэньні расейска-беларускага супольнага прадпрыемства на базе "Белтрансгазу".

Гл.таксама • Як камэнтуюць у Менску ліст Сяргея Сідорскага да Міхаіла Фрадкова?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG