Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Люфтганза” заявіла, што магчымая забарона ляцець празь Беларусь ёсьць грубым прававым парушэньнем


Радыё Свабода Вядучая нямецкая авіякампанія “Люфтганза” адной зь першых адрэагавала на ўчорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна магчымай забароны для заходніх самалётаў ляцець празь беларускую тэрыторыю.

Як заявіў “Свабодзе” адказны супрацоўнік “Люфтганзы” ў сувязях з прэсай Томас Яхна, увядзеньне падобнай забароны ёсьць грубым парушэньнем міжнароднага права, а таксама двухбаковых пагадненьняў, якія заключаныя паміж Нямеччынай і Беларусьсю.

(Яхна: ) “Што тычыцца заявы спадара Лукашэнкі, зь якой мы пазнаёміліся з учорашняй прэсы, то ўсё гэта выглядае як шлях да прававога парушэньня, паколькі паміж Нямеччынай і Беларусьсю на працягу дзесяцігодзьдзяў існуюць двухбаковыя пагадненьні, якія тычаць і пералётаў праз паветраную прастору абедзьвюх краінаў. Увесь гэты час гэтыя пагадненьні вельмі пасьпяхова й вельмі строга выконваліся. Калі ўсё гэта адбудзецца насамрэч, то на выдатках самой “Люфтганзы” гэта ніяк не адаб’ецца. Мы проста будзем рабіць нашыя трохразовыя штодзённыя маршруты ў Расею не празь Беларусь. Гэта будзе на некалькі хвілінаў даўжэй, чым звычайна, аднак істотна не адаб’ецца на коштах нашых квіткоў. Што да прававога боку справы, то ў гэтым выпадку будзе вельмі жорсткая ў адказ рэакцыя нямецкага МЗС”.

Паводле спадара Яхны, учорашняя заява беларускага кіраўніка выклікала вялікую трывогу сярод прадстаўнікоў дзелавых колаў, якія маюць бізнэс у Беларусі. Для іх штодзённыя рэйсы “Люфтганзы” ў Менск вельмі зручныя.

(Яхна: ) “Пра забарону рэйсаў на Менск беларускі кіраўнік нічога не сказаў, і я думаю, што ён не захоча, як кажуць, секчы сук на дрэве, на якім сядзіць. Штодзённыя рэйсы “Люфтганзы” ў Менск маюць вялікае значэньне для беларускай эканомікі. І калі размова пойдзе пра гэта, то беларускае кіраўніцтва выракае сваю краіну на поўную самаізаляцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG