Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскіх "маладафронтаўцаў" выклікаюць у пракуратуру і КДБ


Радыё Свабода Аршанцаў Сяргея Каржова і Максіма Булыгіна ўчора выклікалі ў пракуратуру, каб узяць паказаньні пра дзейнасьць незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”. Некалькі дзён таму на допыце у КДБ пабываў яшчэ адзін моладзевы актывіст з Воршы, Ігар Казьмярчак. Пагутарыўшы зь сябрамі, ён кажа, што пытаньні ў абедзьвюх установах задавалі тыя самыя.

(Казьмярчак:) “Хадзілі ўчора нашыя хлопцы па чарзе. Былі да іх такія чатыры пытаньні ўжо стандартныя: ці ведаеш пра дзейнасьць арганізацыі “Малады фронт”, ці ведаеш Лісічонка, Карбана, Дашкевіча і Гарэцкага, здаецца. Пыталіся, ці маеш дачыненьне да арганізацыі і ці ведаеш, хто там ёсьць рэгіянальнымі кіраўнікамі. А таксама пра тое, ці ёсьць “Малады фронт” у Воршы, хто кіруе і якая дзейнасьць. Вось такія пытаньні.”

Паводле меркаваньняў Ігара Казьмярчака, інтарэс да мясцовых актывістаў з боку КДБ ды пракуратуры выкліканы ня толькі тым, што супраць лідараў “Маладога фронту” у Менску былі завялі крымінальныя справы. Пільную ўвагу да сябе маладыя людзі адчулі яшчэ ў часе выбарчай кампаніі а таксама пасьлявыбарчых падзеяў. Да прыкладу, Ігар Казьмярчак 23-га сакавіка быў асуджаны на 5 сутак арышту за дробнае хуліганства -- за вулічную сварку зь незнаёмым нецьвярозым чалавекам. Ён пэўны, што гэтую сытуацыю нехта справакаваў адмыслова, бо сьведкамі на судзе былі “выпадковыя мінакі” ў пагонах — начальнік аршанскага выцьвярэзьніку і намесьнік начальніка гарадзкога аддзелу міліцыі.

У падобнай сітуацыі апынуліся і віцебскія моладзевыя актывісты Антон Эрдман і Віталь Броўка: абодвух затрымалі ў Менску напярэдадні падзеяў 25-га сакавіка, пасьля чаго даставілі ў Віцебск і на трое сутак зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. На мінулым тыдні іх судзілі , і ў выніку Віталь Броўка, кіраўнік моладзевай суполкі “Новая плынь”, яшчэ атрымаў і 62 тысячы штрафу: яго прызналі “дробным хуліганам” паводле сьведчаньняў нібыта абражаных ім міліцыянтаў.

Зрэшты, каб патрапіць пад рэпрэсіі, неабавязкова нават быць затрыманым за “дробнае хуліганства” -- дастаткова насіць значок “Я за свабоду” . Пра гэта, папрасіўшы не называць ягонага прозьвішча, распавёў сябар арганізацыі “Маладыя сацыял-дэмакраты -- Маладая Грамада”, студэнт-гісторык з Віцебскага дзяржаўнага універсітэту, якога завуць Сяргей.

(Сяргей:) “Сапраўды, у нашым універсітэце адбывалася цікавая рэч: пры ўваходзе стаялі маладыя хлопцы – ахоўнікі, якія не пускалі ва ўніверсітэт тых, хто мей нейкую сымболіку. Не пускалі, прымушаючы гэта зьняць. Бел-чырвон-белыя стужкі, сінія стужкі, значкі “Я за свабоду” – усё гэта не дазвалялася. Да мяне таксама аднойчы зьвярнуліся, каб я зьняў значок, але я адказаў, што гэта – мая прыватная ўласнасьць, на якую я маю права”.

Ахоўнікі ўніверсітэту кажуць, што ня памятаюць выпадку, каб кагосьці не пускалі на лекцыі за значкі. Аднак сказалі, што ёсьць унутраны загад пра тое, што студэнт “мусіць мець ахайны зьнешні выгляд”. Тым ня менш Сяргея, паводле ягоных словаў, неўзабаве выклікалі ў дэканат, дзе сказалі, што ён “ня тым займаецца”, і што пра гэта вядома адміністрацыі. І хаця асноўны “няправільны” занятак Сяргея – гэта толькі распаўсюд “Нашай нівы”, апошні іспыт апошняе сэсыі ён хадзіў здаваць чатыры разы, зштораз гадваючы пра выпадак са студэнткай віцебскай ветэрынарнае акадэміі Любоўю Кучынскай: былую выдатніцу, удзельніцу алімпіядаў і старасту патока, яе адлічылі “за акадэмічную непасьпяховасьць” неўзабаве пасьля таго, як знайшлі ў ейным інтэрнацкім пакоі налепкі з лічбай “16”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG