Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Дракахруст: "Лукашэнка размаўляць з апазыцыяй ня хоча і ня будзе"


Радыё Свабода, Прага Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да Нацыянальнаму сходу. Прэзыдэнцкія пасланьні паводле задумы ўяўляюць сабой выкладаньне задачаў, якія ўлада лічыць першаступеннымі і для сябе, і для ўсяго грамадзтва. Значэньне сёньняшняга пасланьня тым больш важнае, што яно – першае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і можа разглядацца, як пэўная праграма трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.

Аглядальнік "Радыё Свабода" Юры Дракахруст аналізуе прэзыдэнцкае пасланьне.

(Карэспандэнт: ) "Юры, што Вам падалося самым важным у выступе кіраўніка дзяржавы?"

(Дракахруст: ) "Самым важным на мой погляд, сталася тое, што сутнасна ў прамове прэзыдэнта было няшмат новага. Лукашэнка выклаў сваё разуменьне ўзаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці – супольнасьць не павінна супрацьстаяць дзяржаве, не павінна ствараць канфрантацыю паміж рознымі групамі насельніцтва. І, наагул, галоўныя элемэнты гэтай самай супольнасьці паводле Лукашэнкі, гэта прафсаюзы, Саветы, моладзевыя і вэтэранскія арганізацыі.

Для тых, хто не зразумеў, што з такога падыходу вынікае, прэзыдэнт патлумачыў, што з існай у Беларусі апазыцыяй дыялёг весьці немагчыма, яна, маўляў, ня дбае пра ўмацаваньне дзяржавы і заклікае да эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Гэтая заява стала своеасаблівым працягам нядаўняй размовы Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным – кіраўнік Беларусі размаўляць з апазыцыяй ня хоча і ня будзе.

Разам з тым Лукашэнка ў сваім сёньняшнім выступе чарговы раз выказаўся, хаця і ня надта катэгарычна, супраць стварэньня партыі ўлады. У пэрсаналісцкую мадэль кіраваньня, у якой існуе толькі правадыр і верны яму народ, ніякія пасярэднікі, хай і звышляяльныя, сапраўды непатрэбныя. Там больш што папрокі, якія Лукашэнка зрабіў у сваім пасланьні на адрас БРСМ сьведчаць пра тое, што толку ад штучна створаных палітычных апірышчаў улады няшмат".

(Карэспандэнт: ) "Юры, ці прагучалі ў прамове Лукашэнка нейкія навацыі ў эканамічнай сфэры?"

(Дракахруст: ) "Я б адзначыў чарговы раз паўтораную тэзу, што кантрактная сыстэма адмененая ня будзе. Гэта было сказана і на апошнім усебеларускім народным сходзе, і цяпер.

Было таксама сказана, што Беларусь пераходзіць ад дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі да кантролю і дапамогі з боку дзяржавы. Тэзы таксама ня новая. Лукашэнка і раней неаднойчы скардзіўся на тое, як цяжка яму даглядаць за ўсім. Але апошнім часам заўважальна, што афіцыйныя мэдыі менш рэклямуюць дзейнасьць кіраўніка дзяржавы, высоўваючы на першы плян урад. Магчыма, тэзу Лукашэнкі аб большай свабодзе трэба разумець як намер перакласьці на ўрад частку адказнасьці ў сьвятле магчымых праблемаў у газавай ды іншых сфэрах".

(Карэспандэнт: ) "Юры, вось якраз пытаньне наконт газу. Што Вам падалося найбольш важным у міжнароднай частцы пасланьня?"

(Дракахруст: ) "Вы маеце рацыю, гэта сапраўды самая цікавая частка. Па-першае, тут прарвалася крыўда на заходнія краіны, якія ўвялі адносна беларускіх кіраўнікоў візавыя і іншыя пэрсанальныя санкцыі.

Лукашэнка запатрабаваў ад ураду падаць зыск у міжнародныя судовыя інстанцыі на візавыя санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам. “Што, ёсьць рашэньне суду, што Лукашэнка і Сідорскі злачынцы? На якой падставе забараняюць рух?” – задаваў пытаньне кіраўнік Беларусі.

Тут ён, дарэчы, дэманстраваў клясычныя двайныя стандарты. Афіцыйны Менск вельмі даражыць сваім сувэрэнным правам не пускаць у Беларусь непажаданых асобаў без усялякіх тлумачэньняў і шырока ім карыстаецца. Калі іншыя сувэрэнныя дзяржавы робяць тое самае, узьнікаюць пытаньні аб падставах.

Другі цікавы момант, хіба самы цікавы ва ўсёй прамове – заява, што галоўным прыярытэтам беларускай зьнешняй палітыкі зьяўляецца Кітай.

Пра ранейшы галоўны прыярытэт Лукашэнка казаў даволі млява, зазначыўшы, што цяпер сумесныя высілкі Беларусі і Расеі “скіраваныя на пошук аптымальнай мадэлі ўзаемадзеяньня ў межах саюзнай дзяржавы”. Наколькі альянс Беларусі зь яе новымі азіяцкімі "братамі" рэальны, наколькі самому Кітаю патрэбны такі саюзьнік – асобныя пытаньні. Але выглядае, што такая сэнсацыйная заява пра новы галоўны прыярытэт – паказчык вельмі складаных адносінаў з Расеяй.

У адказ на “газавы наступ” Масквы палохаць яе пэрспэктывай “зьбегу” Беларусі на чале з Лукашэнкам на Захад проста сьмешна. А раптам у Крамлі паслабяць ціск, спалохаўшыся зьвязкі Менск – Пэкін?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG