Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька не галасаваў за прынятую сёньня стратэгію дэмсілаў


Алесь Дашчынскі, Менск Палітычная рада дэмакратычных сілаў ухваліла на сваім сёньняшнім паседжаньні агульную стратэгію на бліжэйшую пэрспэктыву.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч назваў вынікі палітрады добрымі. Ён заявіў, што па стратэгіі не было вялікіх спрэчак. Не галасаваў толькі лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Пасьля дапрацоўкі канчатковы варыянт дакумэнту будзе апублікаваны ў найбліжэйшыя дні.

(Мілінкевіч: ) “Першае ў стратэгіі гэта тое, што больш на Беларусі пры гэтай уладзе немагчыма з дапамогай выбараў нешта зьмяніць. Таму трэба пераходзіць да агульнанацыянальнай кампаніі, якая не зьвязана з выбарамі, а выбары можна выкарыстоўваць толькі як інструмэнт. І мэты абсалютна ясныя – гэта адхіленьне незаконнай ўлады. Гэта першая мэта. А другая мэта – дэмакратыя, дабрабыт і незалежнасьць. І першую мэту мы будзем дамагацца з дапамогай розных кампаній. Гэта кампанія інфармацыйная, ціску на ўладу, візуальная, сацыяльная, кампанія нэгатыўная і гэтак далей”.

Спадар Мілінкевіч заявіў, што фактычна сёньня заснаваны рух “За свабоду”. Аднак палітрада выкарыстоўвае замест слова рух – кампанія “ За свабоду”, бо гэта якраз адпавядае дзейнаму заканадаўству. Спадар Мілінкевіч таксама заявіў, што ў палітрады больш чым дастаткова паўнамоцтваў для ўхваленьня стратэгіі. У гэтым пытаньні будуць працягвацца кансультацыі зь велізарнай колькасьцю грамадзкіх арганізацый. З гэтай прычыны палітрада не разглядала плян дзеяньняў аб’яднанай апазыцыі.

(Мілінкевіч: ) “Плян дзеяньняў не абмяркоўваўся прынцыпова, таму што мы хочам прадэманстраваць усім, што мы не навязваем плян дзеяньняў, а мы хочам, каб шырокая грамадзкасьць брала ўдзел у гэтым. Людзі змогуць рабіць свае прапановы і праз інтэрнэт, і праз сходы, якія мы будзем арганізоўваць”.

Чаму па стратэгіі аб’яднанай апазыцыі не галасаваў Анатоль Лябедзька?

(Лябедзька: ) “Я не магу сёньня галасаваць за дакумэнты наагул, таму што гэты дакумэнт мы мусім ратыфікаваць у сябе ў партыі напачатку. Мая прапанова была якраз у тым, каб мы разглядалі стратэгію ў камплекце з плянам дзеяньняў. Таму што людзей больш за ўсё цікавіць, а што рабіць бліжэйшым часам. Так, я пагаджаюся трэба вызначыць мэты. Калі яны вызначаны, то пад іх патрэбны плян. Згодна з нашым рэглямэнтам, хто не галасуе, той можа і не выконваць рашэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG