Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікеты ў падтрымку Казуліна ў большасьці рэгіёнаў не дазваляюць


Радыё Свабода Апазыцыйныя актывісты ў рэгіёнах працягваюць збор подпісаў за вызваленьне былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Ад 25-га сакавіка Казулін сядзіць у жодзінскай турме – яго вінавацяць у злосным хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў. Мясцовыя ўлады ў большасьці рэгіёнаў Беларусі забараняюць пікеты ў падтрымку Казуліна.

Збор подпісаў за вызваленьне Аляксандра Казуліна ладзіла ў Салігорску каардынацыйная рада дэмакратычных сіл. Гаворыць сябра рады, лідэр прадпрымальніцкага руху гэтага гораду Аляксандар Цэцура:

(Цэцура: ) “Мы зьбіраем подпісы, каб выпусьцілі Казуліна. Мы ў камандзе Мілінкевіча, але лічым, што калі чалавек сёньня арыштаваны, то мы павінны аказаць яму дапамогу, таму што ў нас адзіныя мэты й задачы. Кожны павінен сёньня выручаць зь бяды, каб такое не паўтарылася”.

Паводле спадара Цэцуры, сабрана больш як дзьвесьце подпісаў салігорцаў. Тутэйшыя зборшчыкі адзначаюць, што большасьць жыхароў шахцёрскага гораду ведае пра арышт экс-кандыдата ў прэзыдэнты і лічыць зьняволеньне неабгрунтаваным. Аднак падпісвацца на лістах, якія будуць накіраваныя генеральнаму пракурору краіны, з указаньнем адрасоў і прозьвішчаў многія салігорцы асьцерагаюцца – баяцца перасьледу.

Падобная сытуацыя і ў Бабруйску. Тут сабрана за вызваленьне зьняволенага палітыка больш як паўтысячы подпісаў. Мясцовыя сацыял-дэмакраты плянавалі правесьці ў гэтым горадзе пікет ў падтрымку Аляксандра Казуліна. Аднак тутэйшыя ўлады ў такой ініцыятыве адмовілі. Вось што паведаміла Радыё Свабода лідэр бабруйскай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таісія Кабанчук:

(Кабанчук: ) “Бабруйскі выканаўчы камітэт, адказваючы нам адмоўна ў правядзеньні пікета, патрабуе, каб дадаткова да заявы было прыкладзена пісьмовае абавязацельства аб тым, што мы будзем захоўваць парадак і несьці пэрсанальную адказнасьць. Але ж мы ўсё гэта ўказалі ў гэтай заяўцы: мэта пікета, месца, час, адказныя… І напісалі, спасылаючыся на закон, што ўсё гэта мы будзем выконваць. А яны сказалі, што гэта павінна быць прыкладзена на асобным лістку. Гэта азначае, што як бы мы не напісалі, яны ўсё роўна знойдуць нейкую закавырку…”

Як паведамілі Радыё Свабода ў цэнтральным офісе Грамады, дзеяньні бабруйскіх уладаў блізка нагадваюць паводзіны чыноўнікаў іншых рэгіёнаў у дачыненьні да ініцыятываў у падтрымку Аляксандра Казуліна. Гаворыць намесьнік старшыні ягонай партыі Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “Спроба падаваць заяўкі на пікеты адбывалася ў шмат якіх гарадах Беларусі. У прынцыпе, акрамя Менску, дзе было дазволена правесьці 14 пікетаў, і Наваполацку, дзе дазволена правесьці 15 пікетаў і там яны зараз праходзяць, больш нідзе не было дазволена. Прычым, заяўкі і цяпер падаюцца – як у Менску, так і ў іншых гарадах. Я назіраю тое, што ў нас адбываецца ў прынцыпе фашызацыя дзяржавы. Днямі, калі праходзіў суд над Радзівілам, людзей хапалі толькі за тое, што яны ішлі на суд. Вось што адбываецца. Улады спрабуюць забараніць увогуле свабоду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG