Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: “Мы будзем павялічваць крызіс улады”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пачаў паездкі па рэгіёнах. Ён плянуе наведаць Гомель, Магілёў і Віцебск. На сустрэчах з актывам абмяркоўваецца агульная стратэгія дэмакратычных сілаў. Вынікі мінулай палітычнай кампаніі і арыенціры супольнай працы на доўгую пэрспэктыву – асноўныя тэмы дыскусій з актывістамі, якія працавалі ў рэгіянальных штабах.

Паводле спадара Мілінкевіча, падобныя сустрэчы трэба ладзіць як мага часьцей, і яны мусілі адбыцца раней, адразу пасьля выбараў.

(Мілінкевіч: ) “Такія сустрэчы надзвычай карысныя для лідэраў, таму што людзі абсалютна шчырыя, людзі хварэюць за справу. Большасьць абсалютная кажа пра тое, што робім далей, як робім, як працуем. Мы зараз выпрацоўваем стратэгію і думаем, як пабудаваць рух”.

Паездкі па рэгіёнах адбываюцца перад пасяджэньнем палітрады дэмсілаў, якое заплянавана на 22 траўня ў Менску. Палітрада плянуе зацьвердзіць стратэгію і плян дзеяньняў апазыцыі. Паводле спадара Мілінкевіча, ужо да сярэдзіны чэрвеня неабходна зрабіць усім зразумелую стратэгію, паставіць мэты і вызначыць шляхі іх дасягненьня. Адначасна працягваць інфармацыйную кампанію. Аляксандар Мілінкевіч заяўляе тры асноўныя мэты аб’яднанай апазыцыі:

(Мілінкевіч: ) “Першая, гэта дэстабілізацыя ўлады негвалтоўным шляхам. Гэта зрабіць усё, каб быў крызіс улады. Ён і так ужо ёсьць, мы яго будзем павялічваць. Па-другое, гэта пасьля шырокага крызісу правесьці дэмакратычныя выбары. Ну, а трэцяя мэта, самая галоўная, гэта зрабіць, каб Беларусь была дэмакратычнай краінай, з дабрабытам і незалежнай”.

У рэгіёнах падтрымліваюць стварэньне дэмакратычнага руху “За свабоду”.

(Мілінкевіч: ) “Мэта простая: далучыць тых людзей, якія не зьяўляюцца сябрамі грамадзкіх арганізацый і партый. Такіх людзей многа, і асабліва ў вялікіх гарадах. Каб іх не згубіць трэба ствараць рух, і гэта патрабаваньне людзей, якія былі на плошчы, у намётах”.

Паводле спадара Мілінкевіча, партыйная кааліцыя з унутранай дысцыплінай павінна захавацца, таму што гэта мэханізм, як паказала практыка, эфэктыўны. А ці застаецца актуальным патрабаваньне правядзеньня паўторных выбараў у Беларусі?

(Мілінкевіч: ) “Гэтая ўлада паўторных выбараў не правядзе нават пад велізарным ціскам дэмакратычных краінаў. Але, як прынцып, гэта вельмі важна, бо ніколі яшчэ Захад не дэманстраваў такога падыходу да вынікаў выбараў. Адназначная ацэнка, як і наша: толькі выбары дэмакратычныя, новыя могуць паслужыць таму, каб прызнаць уладу на Беларусі. Дарэчы, у нас усе ўзроўні ўлады нелегітымныя. Не засталося ніводнага, які быў бы прызнаны”.

Разам з Аляксандрам Мілінкевічам у рэгіянальных сустрэчах бярэ ўдзел лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка. Меркаваўся таксама ўдзел і старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. Аднак ён адклаў паездку з-за партыйных спраў. Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў і Станіслаў Шушкевіч прымаюць удзел у пасяджэньні Сацінтэрну ў Маскве. Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што езьдзіць па рэгіёнах вельмі важна больш шырокім колам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG