Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Радзівіл арыштаваны на тры месяцы (абноўлены)


Радыё Свабода У Маскоўскім судзе Менску завяршыўся працэс над былым актывістам штабу Казуліна Юр’ем Радзівілам. Малады прадпрымальнік прызнаны вінаватым за стварэньне пагрозы жыцьцю міліцыянтам з антытэрарыстычнага аддзелу “Алмаз”. Некаторыя назіральнікі за працэсам убачылі ў ім палітычныя прычыны.

Да трох месяцаў арышту асуджаны Юры Радзівіл, былы актывіст перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна. Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько прызнала 23-гадовага прадпрымальніка вінаватым за стварэньне пагрозы жыцьцю супрацоўнікам “Алмазу”. На судзе спадар Радзівіл не прызнаваў сябе вінаватым, але ў апошнім слове зрабіў дапушчэньне: у нечым “мог парушыць закон”. Пракамэнтаваць прысуду Юры Радзівіл не пасьпеў — яго адразу вывелі з судовай залі. Раней адвакат Аляксандар Галіеў назваў віну Радзівіла недаказанай і заклікаў суд апраўдаць актывіста.

Нагадаю: байцы адмысловага падразьдзяленьня міліцыі ў барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” на чале з палкоўнікам Мікалаем Карпянковым раніцай 2 сакавіка затрымалі кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Праз тры гадзіны каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі яны ж затрымлівалі прыхільнікаў Казуліна, якія сабраліся з мэтай даведацца лёс свайго кандыдата. Паводле алмазаўцаў, падчас апэрацыі яны перасьледавалі двух парушальнікаў парадку, якія хацелі зьехаць на аўтамабілі Юрыя Радзівіла. Каб спыніць аўтамабіль, давялося распачаць страляніну з табэльнай зброі, паказаць пасьведчаньні. Але кіроўца, са слоў міліцыянтаў, не падпарадкаваўся. Паводле міліцэйскіх паказаньняў, Юры Радзівіл ледзь не наехаў на Мікалая Карпянкова .

Суд прызнаў гэтую вэрсію праўдзівай. Між тым, Юры Радзівіл і шэраг сьведак даводзілі іншае: напад на аўтамабіль быў падобен да бандыцкага захопу, міліцыянты пасьведчаньняў не паказвалі, а зброю ўжылі беспадстаўна. Прадпрымальнік Аляксандар Цялегін, які назіраў за падзеямі, перакананы ў штучным стварэньні справы Юрыя Радзівіла.

(Цялегін: ) “Улады апраўдваюць дзеяньні сваіх спэцслужбаў. “Алмаз” павінен весьці барацьбу з тэрарызмам, а не зь невінаватымі людзьмі. У цэнтры гораду была ўчынена страляніна — вось яны й апраўдваюць сваіх. Бо мы ж для іх не свае, мы — апазыцыя”.

Пракурор Яўген Серакоў прасіў суд даць Юрыю Радзівілу паўтара гады пазбаўленьня волі. Пракурор лічыў, што віну маладога чалавека цалкам даказалі паказаньні Мікалая Карпянкова й ягоных падначаленых — Шынкарэнкі й Бялясьнікава. Паказаньні сьведак з боку Радзівіла Яўген Серакоў назваў непраўдзівымі. Той факт, што суд абмежаваўся для Мікалая Радзівіла толькі трыма месяцамі арышту пракурор пракамэнтаваць адмовіўся.

Юры Радзівіл знаходзіцца пад вартай з 2 сакавіка. Таму на волю ён выйдзе 2 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG