Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчыну судзяць за SMS-паведамленьне, дасланае апэратару БТ


Радыё Свабода Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся судовы працэс над Алесяй Сіўчыкавай. Адметнасьць суду ў тым, што падставай для яго стала SMS-паведамленьне, якое дзяўчына, нібыта, паслала на адрас апэратара Беларускага тэлебачаньня Дзяніса Бальшакова, якога ў Інтэрнэце назвалі аўтарам пастановачных кадраў з намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Спадар Бальшакоў падаў у суд на абарону гонару й годнасьці. Гэта ўжо ня першая справа, якая тычыцца выкарыстаньня сучасных сродкаў сувязі.

15 сутак арышту, прыкладам, атрымаў тэхнічны рэдактар Беллітфонду Павал Лоскутаў. Ён, быццам, уначы патэлефанаваў судзьдзі Веры Тупік, назваўся прадстаўніком нейкага “Народнага судзілішча” й пагражаў занясеньнем яе ў “чорны сьпіс” за прысуды дэмакратычным актывістам.

Спадар Лоскутаў адмаўляўся ад званка й тлумачыў, што sim-карта мабільнага тэлефону, зь якога тэлефанавалі судзьдзі, была страчана яшчэ да гэтага тэлефанаваньня. І хаця доказы таго, што тэлефанаваў менавіта ён, меліся толькі ўскосныя (не было ні запісу размовы, ні ўласна sim-карты), Павал Лоскутаў атрымаў 15 сутак.

Былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў лічыць, што такіх доказаў недастаткова для вынясеньня прысуду, і тут сапраўды ёсьць пэўныя юрыдычныя праблемы:

(Фадзееў: ) “Мне здаецца, акрамя належнасьці тэлефону той ці іншай асобе, павінны быць і іншыя доказы, што тэлефанавала менавіта гэта асоба. Па-другое, калі сама размова не запісана нідзе, а хтосьці сьцьвярджае, што яму тэлефанавалі й пагражалі (калі, дарэчы прыйшла SMS-ка? Там хоць ёсьць тэкст?), дык тут атрымліваецца, як кажуць, толькі слова супраць слова”.

Цікава, што справу Паўла Лоскутава да пачатку судовага працэсу перакваліфікавалі з крымінальнай у адміністратыўную. Спадар Фадзееў зьвяртае ўвагу на тое, што пры разглядзе адміністратыўных спраў няма такіх жорсткіх патрабаваньняў да неабходнасьці доказаў, як у справах крымінальных:

(Фадзееў: ) “Па адміністрацыйных справах ёсьць праблемы. Напрыклад, супрацоўнік ДАІ адзін склаў пратакол — і ўсе лічаць, што ўсё даказана. Я кажу: так не было. А мне адказваюць:ёсьць пратакол. Якога я, дарэчы, і не падпісваў, бо не пагадзіўся зь ім. Насамрэч паўстае праблема роўнасьці бакоў — пры разглядзе спраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG