Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прэзыдэнт Украіны выступае катэгарычна супраць ізаляцыі Беларусі"


Юры Сьвірко, Кіеў Рэагуючы на некалькі зваротаў у справе беларускай сытуацыі да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, ягоная прэсавая сакратарка Ірына Герашчанка на сёньняшнім брыфінгу заявіла, што гэтыя зваротны пакуль не зарэгістраваныя, аднак на іх абавязкова дадуць адказ. Спадарыня Герашчанка сказала, аднак, што ўкраінскі прэзыдэнт выступае катэгарычна супраць ізаляцыі Беларусі.

Хаця на сёньняшнім брыфінгу журналісты спыталіся пра рэакцыю Віктара Юшчанкі на зварот трох прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія заклікалі яго зьвярнуцца да ўсясьветных лідэраў у справе паводзінаў Расеі ў дачыненьні да беларусаў, прэсавая сакратарка ўкраінскага прэзыдэнта адказала пра зварот студэнтаў.

Справа ў тым, што разам зь Вячаславам Сіўчыкам, Тацянай Ванінай і Зьмітром Дашкевічам прэсавую канфэрэнцыю ладзілі прадстаўнікі ўкраінскай арганізацыі “Студэнцкае брацтва”. Менавіта гэтая арганізацыя, а не беларусы, заклікалі Віктара Юшчанку даць палітычны прытулак рэпрэсаваным на радзіме беларусам і магчымасьць давучыцца адлічаным зь беларускіх ВНУ студэнтам. Што праўда, украінскія СМІ падалі інфармацыю пра зварот менавіта беларусаў наконт прытулку й студэнтаў.

Таму прэсавая сакратарка ўкраінскага лідэра Ірына Герашчанка заявіла сёньня:

(Герашчанка: ) “Прэзыдэнт валодае сытуацыяй з гэтым зваротам найперш са сродкаў масавай інфармацыі, таму што афіцыйнага звароту беларускіх студэнтаў не зарэгістравана пакуль у сакратарыяце прэзыдэнта. Мажліва, яны даслалі свой ліст, але ён не прайшоў рэгістрацыю. Але наколькі мне вядома са СМІ і з заяваў саміх беларускіх хлопцаў, ужо некалькі сталічных ВНУ прапанавалі ім месцы. Прэзыдэнт займае пазыцыю ў гэтым пытаньні: вядома, навучаньне павінна быць бязь межаў, і кожны грамадзянін сьвету мусіць мець магчымасьць атрымаць адукацыю ў той краіне, дзе ён хацеў бы гэта рабіць”.

Таксама да Віктара Юшчанкі зьвярнуліся прадстаўнікі ўкраінскай інтэлігенцыі, якія запатрабавалі забараніць уезд ва Ўкраіну Аляксандру Лукашэнку ды іншым беларускім чыноўнікам, якім забаронены ўезд у Эўрапейскі Зьвяз.

На сёньняшні вечар гэты зварот падпісалі ўжо 140 літаратараў, журналістаў, гісторыкаў, культуролягаў ды іншых прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі.

Ірына Герашчанка, адказваючы на пытаньне пра гэты зварот, сказала паўжартам, што сакратарыят прэзыдэнта Ўкраіны належыць да бюракратычных установаў, таму пачакае рэгістрацыі гэтага звароту й потым дасьць адказ.

Але спадарыня Герашчанка падкрэсьліла, што ў дачыненьні да Беларусі афіцыйны Кіеў займае дакладную пазыцыю – ён падтрымлівае дэмакратычныя працэсы ў любой краіне. Прэсавая сакратарка Віктара Юшчанкі паўтарыла ягоную ранейшую тэзу – што, мажліва, ня зробленыя высновы з падзеяў ва Ўкраіне 2004 году. Мелася на ўвазе адсутнасьць дыялёгу апазыцыі з уладай напярэдадні памаранчавай рэвалюцыі. У той жа час спадарыня Герашчанка дадала:

(Герашчанка: ) "Прэзыдэнт Украіны выступае катэгарычна супраць ізаляцыі Беларусі, таму што насамрэч ізаляцыя ніколі ня ідзе на карысьць самому народу. Мы маем гаварыць пра тое, што Ўкраіна й Беларусь ёсьць партнэрамі, у нас ёсьць эканамічныя стасункі, у нас ёсьць найперш стасункі між людзьмі. Для прэзыдэнта гэта надзвычайна важная сфэра, і ён будзе робіць усё для таго, каб беларускі народ адчуваў, што Ўкраіна – гэта яго партнэр, гэта сяброўская краіна”.

Варта дадаць, што менавіта супраць такога падыходу да Беларусі выступіла ўкраінская інтэлігенцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG