Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Злобін: Інтэрпол павінен заставацца па-за палітыкай


Радыё Свабода Спрэчкі вакол правядзеньня канфэрэнцыі Інтэрполу ў Менску мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара расейскіх і азіяцкіх праграмаў вашынгтонскага цэнтру абарончай інфармацыі Мікалая Злобіна.

(Злобін: ) "Мае стаўленьне да пераносу ці адмены гэтай сустрэчы будзе нэгатыўным. Я лічу, што ні ў якім выпадку – гэта адзін з прынцыпаў дэмакратыі – нельга блытаць палітычныя ацэнкі і праўную дзейнасьць.

Інтэрпол – незалежная арганізацыя. Яны палітыкай не займаюцца, яны займаюцца барацьбой з крымінальнымі злачынствамі, зь міжнароднымі крымінальнымі злачынствамі. Даваць палітычныя ацэнкі – ня іх задача. Калі яны пераходзяць да палітычных ацэнак, яны парушаюць свае ўласныя правілы і прынцып непрадузятасьці.

Тыя, хто прапаноўваў перанесьці гэтую сустрэчу зь Менску, ужо займаюць пэўны бок, што праваахоўныя органы не павінны рабіць ні ў якім выпадку, пакуль ня вынесенае юрыдычнае рашэньне.

Я мяркую, што гэта небясьпечная тэндэнцыя, якая цалкам ўпісваецца ў постсавецкі мэнталітэт, але для заходняй культуры яна ня вельмі натуральная.

Тут варта правесьці аналёгію з тым, як у ЗША ставяцца да складаньня сьпісу тэрарыстаў. Гэта робіцца не на падставе таго, што амэрыканскі ўрад думае пра іх у палітычнай плоскасьці, а на падставе таго, што раяць амэрыканскія юрысты, на падставе аналізу, ці ёсьць дастаткова аргумэнтаў за тое, што яны тэрарысты. Калі юрыдычна гэта не даказана, то хаця з палітычнага гледзішча іх выгадна было б уключыць у сьпіс тэрарыстаў, яны ў гэты сьпіс не патрапяць.

Я мяркую, што ні ў якім выпадку нельга ператвараць Інтэрпол у палітычна арыентаваную арганізацыю. Трэба, каб яна заставалася непалітычнай арганізацыяй, якой яна была і даказала сваю эфэктыўнасьць на працягу дзесяцігодзьдзяў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG