Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ хоча патрапіць на сатэліт "Sirius", але гэта ўжо выклікае скандал у Швэцыі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Швэцыі разгарэўся скандал, калі стала вядома аб тым, што кампанія "Sirius", якая часткова належыць да дзяржавы, плянуе арганізаваць спадарожнікавую рэтрансьляцыю беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў на ўсю Эўропу і краіны СНД.

Швэдзкая фірма "SES Sirius AB" вядзе перамовы зь беларускім бокам у справе трансьляцыі праз свой спадарожнік тэлеканалаў ОНТ і СТБ. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла дырэктар фірмы ў справах рынку і камунікацыяў Анна-Карын Модзіг.

Паводле яе словаў, кампанія "Sirius", якая мае уласныя спадарожнікі і прапаноўвае сваім кліентам паўтары тысячы каналаў, не нясе ніякай адказнасьці за зьмест тэлеканалу – галоўнае, каб “гэты зьмест не супярэчыў заканадаўству краіны, у якой канал робіцца”.

75% фірмы належыць да адной з найбуйнейшых люксэмбурскіх кампаніяў, але чвэрць належыць швэдзкай дзяржаўнай кампаніі "Swedish Space Corporation", і менавіта гэта выклікала абурэньне ў Швэцыі.

Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Швэцыі, кансэрватар Крыстафэр Фіельнэр завіў, што швэдзкі ўрад павінен неадкладна задэкляраваць, што выступае супраць удзелу дзяржаўнай фірмы ў пашырэньні “беларускай афіцыйнай прапаганды” і загадаць яе кіраўніцтву спыніць ўдзел у гэтай зьдзелцы.

У швэдзкім урадзе сытуацыю пакуль не камэнтуюць, аднак Тобіяс Люнгваль –швэдзкі экспэрт у справах Беларусі лічыць, што дзяржаўная кампанія не павінна далучацца да падобных праектаў, бо Стакгольм афіцыйна падтрымаў санкцыі Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў – у тым ліку і кіраўніка Белтэлерадыёкаманіі.

(Люнгваль: ) “Так, гэта бізнэс, і ён жыве паводле сваіх правілаў, аднак апраўданьні некаторых прадстаўнікоў фірмы, што маўляў, патрэбны абмен інфармацыяй, проста ідыёцкія. Я лічу, што калі мы забаранілі ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і міністру інфармацыі Беларусі і кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі, дык навошта цяпер тут патрэбныя іхныя тэлепраграмы.

Аднак галоўная праблема ня ў тым, што беларускія каналы можна будзе глядзець у Заходняй Эўропе – тут ім і так ніхто не паверыць – але ў СНД і краінах усходняй часткі Эўразьвязу, там людзі могуць быць больш падатлівыя на такую прапаганду”.

Тобіас Люнгваль выказаў упэўненасьць, што фірма "SES Sirius AB" пасьля такога розгаласу ў мэдыях, хутчэй за ўсё адмовіцца ад ўдзелу ў праекце трансьляцыі беларускіх тэлеканалаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG