Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш: "Мы – народ імігрантаў, але мы законапаслухмяны народ"


Кастусь Бандарук, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш загадаў разьмясьціць на мяжы з Мэксыкай 6 тысяч вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі. Гэта частка новых захадаў, якія ЗША прадпрымаюць у барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй. Аднак пры гэтым ён прапанаваў кампрамісны варыянт разьвязкі праблемы.

Найперш трэба адзначыць, што вырашэньня праблемы нелегальнай іміграцыі патрабуе частка палітыкаў, так званая “ сярэдняй клясы”, а таксама некаторыя эканамісты. Яны лічаць, што нелегальныя імігранты адбіраюць працу ў амэрыканцаў, што яны не плацяць падаткаў, што з гэтай прычыны перапоўненыя публічныя школы і пагоршыўся стан бясьпекі. Аднак іншыя мяркуюць, што плюсаў у такой сытуацыі прыблізна настолькі ж шмат, што і мінусаў, і што танная праца нелегальных імігрантаў карысная для эканомікі ЗША. Імігранты выконваюць любую працу і ўтрымліваюць на нізкім узроўні інфляцыю.

Прэзыдэнт ЗША выступіў з прапановай, якая выглядае як кампраміс паміж дэпартацыяй усіх нелегальных імігрантаў з аднаго боку і поўнай амністыі – з другога.

(Буш: ) “Мы – народ імігрантаў, але мы законапаслухмяны народ і трэба знайсьці залатую сярэдзіну”.

Агучаныя прэзыдэнтам ЗША прапановы адпавядаюць пляну частковай амністыі, зь якім раней выступілі некаторыя сэнатары. Паводле іхнага праекту, нелегальныя імігранты, якія жывуць у ЗША даўжэй як 5 гадоў (а гэта 7 мільёнаў чалавек) атрымаюць “зялёныя карткі” і ў будучыні грамадзянства ЗША, калі дакажуць, што маюць сталую працу, калі заплацяць належныя падаткі, дзьве тысячы даляраў штрафу і калі вывучаць ангельскую мову.

Тыя, што жывуць у ЗША нелегальна меней чым пяць, але даўжэй за два гады, павінны вярнуцца ў свае краіны і там у амэрыканскіх консульствах атрымаць часовы дазвол на працу ў ЗША.

І толькі каля 1-1,5 мільёна чалавек, якія знаходзіліся ў ЗША менш за два гады, павінны абавязкова вярнуцца дамоў, альбо будуць дэпартаваныя.

Каб не дапусьціць наплыву новай хвалі мігрантаў, амэрыканскі прэзыдэнт хоча ўзмацніць кантроль на паўдзённай мяжы з Мэксыкай. Дзеля гэтага ў хуткай будучыні на мяжы маюць быць разьмешчаныя дадатковыя 6 тысяч памежнікаў. Да гэтага часу памежным сілам будуць дапамагаць 6 тысяч вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі.

У адказ на занепакоенасьць з боку Мэксыкі Буш запэўніў, што прысутнасьць узброеных гвардзейцаў не азначае мілітарызацыі мяжы. Ён заклікаў улады Мэксыкі супрацоўнічаць з амэрыканскім бокам у барацьбе з кантрабандай наркотыкаў ды іншымі злачынствамі.

Паводле неафіцыйных зьвестак, у ЗША цяпер знаходзяцца амаль 12 мільёнаў нелегальных імігрантаў. Гэта значыць, што кожны 20-ы жыхар ЗША працуе там нелегальна. У некаторых галінах гаспадаркі гэты адсотак значна большы: нелегальныя імігранты складаюць 24 % занятых у сельскай гаспадарцы, 17 % у працах зьвязаных з ачысткай, 14 % – на будоўлях і 12% – у гастраноміі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG