Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе беларускае пытаньне абмяркоўвацца на саміце Эўразьвяз-Расея?


Уладзімер Глод, Менск Cёньня ў Брусэлі міністры замежных справаў краін Эўразьвязу павінны вызначыць парадак дня сустрэчы Расея – Эўразьвяз на вышэйшым узроўні, якая пройдзе 25 траўня ў Сочы. Ці будзе вынесенае на гэтае абмеркаваньне беларускае пытаньне?

Дэпутат Эўрапарлямэнту, кіраўнік групы ў справах Беларусі Богдан Кліх упэўнены: дэмакратызацыя Беларусі магчымая толькі пры цесным узаемадзеяньні Эўразьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі ды Расеі. Парлямэнтар называе іх ключавымі міжнароднымі партнэрамі ў беларускім пытаньні. Вось чаму спадар Кліх так зацікаўлены, каб падчас сустрэчы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з кіраўніком Эўракамісіі Мануэлем Барозам абавязкова прагучала беларуская тэма:

(Кліх:) "Мы ў Эўрапарлямэнце падтрымліваем гэты вельмі важны дыялёг з Расейскай Фэдэрацыяй адносна будучыні дэмакратыі ў Беларусі. Але мы рэгулярна атрымліваем інфармацыю з Эўракамісіі пра тое, што расейскія партнэры адмаўляюцца нават уключаць у парадак дня беларускае пытаньне. Расейцы кажуць, што яны ня хочуць уключаць у двухбаковыя перамовы паміж Расеяй і Эўразьвязам трэцяю краіну. Аднак мы ўвесь час падкрэсьліваем, што гэта не зусім так і што Беларусь для Расеі не зусім трэцяя краіна. Расея моцна завязаная ў беларускія справы і гэта бачна, хаця б з таго, як паводзяць сябе ўплывовыя маскоўскія палітыкі. Як мінімум, на фармальным узроўні існуюць асаблівыя сувязі паміж Масквой і Менскам у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі".

Сярод тых эўрапейскіх чыноўнікаў, якія зьбіраюцца сустракацца ў Сочы з прэзыдэнтам Пуціным, будзе і кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна. Ягоная прэсавая сакратарка Крысьціна Галах цьвердзіць, што эўрапейскія структуры апошнім часам стала спрабуюць з дапамогай Крамля паўплываць на Беларусь:

(Галах:) "Калі мы зьвяртаемся да расейскіх лідэраў -- прэзыдэнта Пуціна, міністра замежных справаў, афіцыйных расейскіх асобаў, якія выпрацоўваюць палітыку дзяржавы, мы заўжды кажам ім: гэта ня ў вашых інтарэсах мець суседзямі рэжымы, якія не разьвіваюцца ў правільным накірунку. Такога роду рэжымы замест таго, каб нарошчваць і гарантаваць стабільнасьць, ідуць у зваротным накірунку. Яны хутчэй нагадваюць туман перад вачыма, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве яны ня могуць даць тую ўстойлівасьць, якую здольныя даць дэмакратычныя рэжымы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG