Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казуліна выстаўлена канчатковае абвінавачаньне


Радыё Свабода Экс-кандыдату на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна выстаўлена канчатковае абвінавачаньне. Казулін і ягоныя адвакаты пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы напярэдадні яе перадачы ў суд.

15 траўня сьледчыя пракуратуры Менску азнаёмілі Аляксандра Казуліна з канчатковым абвінавачаньнем. Пра гэта паведаміла дачка палітыка Юлія Казуліна са спасылкай на адвакатаў. Паводле адвакатаў, яны разам з Аляксандрам Казуліным пачнуць знаёміцца з матэрыяламі справы з 17 траўня.

Ці адрозьніваецца канчатковае абвінавачаньне ад папярэдняга, паводле якога экс-кандыдата на прэзыдэнта трымаюць у Жодзінскім ізалятары з 25 сакавіка? Адвакаты Казуліна кажуць, што істотных зьменаў у канчатковым абвінавачаньні няма: палітык па-ранейшаму абвінавачваецца за злоснае хуліганства падчас падзеяў 2 сакавіка й арганізацыю вулічных беспарадкаў на Дзень Волі. Найцяжкае пакараньне за гэткія злачынствы — 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабаронца Алег Волчак 2 сакавіка знаходзіўся побач з Аляксандрам Казуліным, калі той у менскім Палацы чыгуначнікаў спрабаваў зарэгістравацца на Ўсебеларускі сход, але быў зьбіты супрацоўнікамі спэцаддзелу міліцыі “Алмаз”. Спадар Волчак, аднак, не выключае, што менавіта гэты эпізод у матэрыялы справы не патрапіў.

(Волчак: ) “Яны замоўчваюць гэты эпізод, бо ён — не на іхную карысьць. Ёсьць дастаткова сьведак і здымкаў, як б’юць Казуліна ў твар, як яго кідаюць на падлогу супрацоўнікі “Алмазу”, нават вядомы іхныя прозьвішчы. Калі б гэты эпізод патрапіў у справу, дык давялося б суду даваць прававую ацэнку дзеяньняў Казуліна напярэдадні, разьбірацца: а што ж ён такое зрабіў, што давялося яго біць галавой аб падлогу... Няма й той жанчыны, якую Казулін, паводле першай вэрсіі, нібыта, зьбіў у Палацы культуры чыгуначнікаў. Не знайшлася гэтая жанчына. Таму хуліганства Казуліна, якое яму прыпісваюць, хіба, пачынаецца у райаддзеле міліцыі, дзе ён пабіў партрэт Лукашэнкі — з прысутнасьцю міліцыянтаў”.

Другім эпізодам абвінавачаньня Казуліна ёсьць падзеі 25 сакавіка. Тады, пасьля несанкцыянаванага мітынгу ў парку Янкі Купалы, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін павеў калёну мітынгоўцаў да турмы на Акрэсьціна, дзе ўтрымлівалі болей за 600 апазыцыянэраў і абаронцаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Каля тэатру музычнай камэдыі калёна была спынена амапаўцамі, адбылася сутычка, некалькі дэманстрантаў былі сур’ёзна паранены. Паводле міліцыі Менску, сталіся ахвярамі гэтай сутычкі й 8 амапаўцаў. Аляксандра Казуліна падчас тых падзеяў зьбілі, арыштавалі й завезьлі ў Жодзінскі ізалятар.

Ці прызнае сябе спадар Казулін вінаватым — цалкам альбо часткова? Юлія Казуліна кажа, што ейны бацька не прызнаваў сябе вінаватым адразу пасьля арышту, і ягоная пазыцыя не зьмянілася.

Сьледчыя зь менскай пракуратуры, якія вядуць справу Аляксандра Казуліна, кантактаваць з журналістамі адмаўляюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG