Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна год таму арыштавалі Сяргея Скрабца


Уладзімер Глод, Менск Роўна год таму, 15 траўня, арыштавалі актывіста беларускай палітычнай апазыцыі, кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца. Зь Менску яго адразу адвезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар, дзе экс-парлямэнтар трымаў некалькі галадовак, пратэстуючы супраць арышту і абвінавачаньняў на свой адрас, якія ён і да гэтага часу лічыць беспадстаўнымі.

Ранкам 15 траўня 2005 году Сяргей Скрабец выйшаў са сваёй кватэры, каб пайсьці ў басэйн. Жонка Аляксандра ўзгадвае, што для яе той дзень стаў суцэльным стрэсам:

(Аляксандра Скрабец:) "Заўжды, калі Сяргей выходзіць з дому, я ў вакно гляджу. А тады якраз нядзеля была. Ён з самай раніцы пабег у басэйн, а я дазволіла сабе ўстаць пазьней. Калі Сяргей мне патэлефанаваў і паведаміў, што яго затрымалі, першае пра што падумалася -- чаму ж я не глянула ў вакно? І толькі пасьля, калі мне дазволілі спатканьне, даведалася, што яго затрымалі каля лесу. Так што я ўсё роўна нічога б не пабачыла. Але ж чамусьці з-за гэтага вельмі перажывала".

Жонка былога дэпутата гаворыць, што той год, які прайшоў з моманту арышту мужа, падзяліўся для яе і дзяцей (Мікалая ды Натальлі) на два этапы: першы -- да 14 лютага, калі аб''явілі прысуд, і другі -- ад таго дня і да сёньняшняга:

(Аляксандр Скрабец:) "Стала спакайней, бо ведаеш, калі гэта скончыцца. І дачакаемся, і вернецца, бо да абвяшчэньня прысуду ня ведалі, чым гэта скончыцца. Дзеці спадзяюцца, што можа нейкая амністыя будзе. Кольку, дарэчы, у пятніцу 20 год стукнула, а Натальлі ў аўторак будзе 17".

Цяпер Сяргей Скрабец, асуджаны на два з паловай гады зьняволеньня за нібыта выманьваньне крэдытаў у дзяржавы, знаходзіцца ў папраўчай калёніі "Віцьба-3". Экс-парлямэнтар Іван Пашкевіч, які таксама ўваходзіў у дэпутацкую групу "Рэспубліка", гаворыць, што хацеў бы сустрэцца з аднадумцам:

(Пашкевіч:) "Па-першае, яго падтрымаць. І сказаць, што мы яго ўзгадваем, даволі часта сустракаемся колам паплечнікаў і заўсёды абмяркоўваем нашыя справы: мінулыя, цяперашнія, будучыя. І будучыня ў нас заўжды выглядае сьветлай. А па-другое, сказаць, што мы вельмі сумуем і шкадуем, што ён знаходзіцца ўдалечы".

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. У кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сяргей Скрабец — ня першы з былых дэпутатаў, якія апынуліся за кратамі. Раней былі асуджаныя Ўладзімер Кудзінаў, Мікалай Скутаў, двойчы — Андрэй Клімаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG