Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная рэакцыя на падзеі ў Беларусі. Агляд тыдня


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Міжнародная супольнасьць працягвае выказваць занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі. Знаходжаньне ў турмах лідэраў апазыцыі, суды над актывістамі моладзевага дэмакратычнага руху выклікала нэгатыўную рэакцыю ў эўрапейскіх палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ў радыёэфіры заявіў, што, на ягоную думку, беларуская апазыцыя становіцца ўсё мацнейшай, а Варшава будзе працягваць дапамогу дэмакратычным сілам і настойваць, каб гэта рабілі і іншыя заходнія краіны.

(Качыньскі: ) “На маю думку, беларуская апазыцыя становіцца ўсё мацнейшай. Канечне, вырашаць, каго падтрымліваць, будзе беларускі народ, але на сёньня перамены ў Беларусі насьпяваюць. І час гэтых пераменаў – ня вельмі далёкі, сытуацыя мяняецца. Польшча перадусім павінна працягваць сваю палітыку падтрымкі, заахвочваючы да гэтага і іншых таксама. Думаю, што ў гэтым пытаньні ёсьць прагрэс”.

Аптымізм адносна будучыні Беларусі выказаў у інтэрвію нашаму Радыё і заснавальнік і галоўны рэдактар польскай “Gazety Wyborczej” Адам Міхнік.

(Міхнік: ) “Я бачу будучыню Беларусі добрай. Беларуская дэмакратычная апазыцыя паказала і ўсёй Беларусі, і ўсяму сьвету, што патэнцыял імкненьня да свабоды ў беларусаў вялікі, і што дні дыктатуры палічаныя. Цяжка сказаць дакладна, калі і як дыктатура падзе – у розных краінах гэта адбывалася па-рознаму і заўсёды нечакана. Але адна агульная рэч заўсёды была – там былі сілы, якія імкнуліся да дэмакратыі. Гэтым разам беларусы паказалі, што ў Беларусі такія сілы ёсьць. Гэта самае важнае”.

Урады эўрапейскіх краінаў пацьвярджаюць рашэньне Эўрапейскага Зьвязу аб забароне ўезду на іх тэрыторыі Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 30 беларускіх афіцыйных асобаў у зьвязку з “масавымі парушэньнямі правоў чалавека і выбарчых стандартаў” напярэдадні і падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Так, на гэтым тыдні Латвія і Эстонія зрабілі дзеля гэтага неабходныя ўнутраныя працэдуры. Талін таксама заявіў, што адносна беларускіх урадоўцаў будуць ужытыя і фінансавыя санкцыі.

Аўстрыйскія сацыял-дэмакраты запатрабавалі вызваленьня з турмы былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Адпаведную заяву ў Вене зрабіў старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі Альфрэд Гузэнбаўэр. Лідэр аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў таксама выказаў вялікую занепакоенасьць падзеямі ў Беларусі.

Кіраўнікі 260 нямецкіх унівэрсытэтаў выказалі абурэньне рэпрэсіямі ў дачыненьні да студэнтаў у Беларусі. У прынятай заяве на канфэрэнцыі рэктараў вышэйшых школ Нямеччыны яны рашуча асудзілі арышт і выключэньне з унівэрсытэтаў тых беларускіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у апазыцыйных акцыях. Нямецкія рэктары таксама разглядзелі пытаньне адносна пошуку месцаў для навучаньня гэтых студэнтаў у Нямеччыне.

І ўжо ад гэтага тыдня беларускія студэнты, якіх выключылі з ВНУ за палітычную ці грамадзкую дзейнасьць, могуць зьвяртацца ў польскія ўнівэрсытэты, каб працягнуць там навучаньне. Польскі ўрад пакрывае кошты навучаньня, а таксама гарантуе стыпэндыю ў памеры каля 400 даляраў для трохсот беларусаў.

Камэнтуючы нашаму радыё штогадовае пасланьне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў выказаў сваё бачаньне разьвіцьця падзеяў у Беларусі і Расеі, якія паводле структуры ўлады імкліва збліжаюцца.

(Кавалёў: ) “Я спадзяюся, што калі-небудзь у Беларусі й Расеі адбудзецца нешта вельмі блізкае да таго, што адбылося на нашых вачах у Польшчы. Быў адзін круглы стол “Салідарнасьці” з уладай, а потым яшчэ адзін, які абмяркоўваў толькі адну мірную ініцыятыву. Гэта пытаньне вельмі простае: “Калі вы прыберацеся да чортавай маці? Мірна прыберацеся!” Нічога іншага ні ў Маскве, ні ў Менску, па-мойму, быць ня можа”.

Тым часам расейская газэта "Коммерсантъ" напісала, што, паводле яе інфармацыі, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў распараджэньне аб скасаваньні любых прамых ці ўскосных субсыдыяў Беларусі. Газэта выказвае сваё меркаваньне адносна разьліку Крамля: “Пазбаўленьне Беларусі расейскіх энэргетычных субсыдыяў пакладзе канец беларускаму "эканамічнаму цуду" і паставіць Аляксандра Лукашэнку перад надзвычай непрыемнай дылемай: ці атрымаць усе палітычныя наступствы глыбокага эканамічнага шоку, які можа прывесьці да адхіленьня яго ад улады, ці пагадзіцца на далучэньне Беларусі да Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG