Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў С.Шушкевіча (фота)


Радыё Свабода У судзе Першамайскага раёну Менску сёньня разглядалася адміністратыўная справа былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча. Яго абвінавачвалі за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным першамайскім шэсьці. Але выкладзенае ў міліцэйскім пратаколе вінавачаньне ў судзе не пацьвердзілася, і спадар Шушкевіч быў апраўданы.

Сёньня раніцай Станіслаў Шушкевіч быў выкліканы ва Ўправу міліцыі Першамайскага раёну Менску. Там на яго склалі адміністратыўны пратакол, зьвінаваціўшы за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 1 траўня, і даставілі ў суд.

(Шушкевіч: ) “Яны атрымалі заданьне напісаць нешта такое, што давала б якія падставы мяне асудзіць”.

Суд у гэтай справе працягваўся каля 4 гадзінаў. Станіслаў Шушкевіч вінаватым сябе не прызнаў. Ён патлумачыў судзьдзі Тацяне Масальскай, што ніякага несанкцыянаванага шэсьця апазыцыі 1 траўня сёлета ў Менску не было, і ён, натуральна ж, у ім ня ўдзельнічаў.

Паводле спадара Шушкевіча, спачатку менскія ўлады дазволілі збор удзельнікаў маёўкі на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Потым гэта рашэньне адмянілі, дазволіўшы толькі мітынг у парку Дружбы народаў. Але ўдзельнікі першамайскай акцыі пра гэта ня ведалі — і прыйшлі да Акадэміі.

Таму й Станіслаў Шушкевіч прыйшоў на гэта месца й праз мэгафон заклікаў людзей арганізавана, ня ладзячы несанкцыянаванага шэсьця, прайсьці па ходніках у парк, дзе адбудзецца мітынг. Тое людзі й зрабілі. Гэтыя словы спадара Шушкевіча пацьвердзілі ня толькі ягоныя сьведкі й відэаматэрыялы апэратыўнай здымкі, але й сьведка-міліцыянт. Капітан сказаў, што Шушкевіч толькі заклікаў людзей арганізавана прайсьці ў парк.

Судзьдзя спачатку зьбіралася вынесьці рашэньне, потым зноў аднавіла слуханьні й яшчэ раз прагледзела відэазапіс. У выніку, Станіслаў Шушкевіч быў апраўданы — з адсутнасьці ў ягоных дзеяньнях складу адміністратыўнага правапарушэньня.

Сам спадар Шушкевіч рашэньнем быў вельмі зьдзіўлены:

(Шушкевіч: ) “Шалёна зьдзіўлены: я гэтага не чакаў. Бо ўсе асобы, што ўдзельнічалі ў працэсе, давалі мне зразумець: тут усё запраграмавана на тое, каб мяне пасадзіць. Я думаю, што рашэньне правільнае. Ну што тут скажаш: можа, у нас пачынаецца новае жыцьцё?..”

А вось меркаваньне лідэра Партыі камуністаў Сяргея Калякіна.

(Калякін: ) “Гэта вельмі дзіўны факт, які патрабуе аналізу. Нешта здарылася ў нашай дзяржаве. І ўлада ўжо не трымае сябе так нахабна. Бо яна павінна сёньня ўлічваць усё, што адбываецца і на Захадзе, і на Ўсходзе нашай краіны, — і вельмі асьцярожна сябе паводзіць”.

Фотарэпартаж





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG