Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі выйшлі на волю двое ўдзельнікаў першамайскай акцыі


Міхал Стэльмак, Менск У Гомелі зь мясцовай турмы сёньня выйшлі на волю актывісты дэмакратычнага руху Юры Тропачаў і Андрэй Доўжык. За ўдзел у першамайскай акцыі яны былі пакараны 7 суткамі арышту.

Сустракалі Юры Тропачава й Андрэя Доўжыка ля будынку гомельскай турмы зь дзясятак іхных паплечнікаў па дэмакратычным руху. Юры Тропачаў лічыць, што ў міліцыянтаў для затрыманьня яго 1 траўня не было ніякіх падстаў:

(Тропачаў: ) “Мяне пасадзілі наагул неаб’ектыўна. Усё было падстаўлена. Я папросту нічога не рабіў — стаяў ціхенька на ходніках. А яны падалі гэта так, што я, нібыта, стаяў і нецэнзурна лаяўся, крычаў, перашкаджаў мінакам, парушаў грамадзкі спакой, замінаў руху службовага аўтамабіля. Да мяне таксама выставілі вінавачаньне за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Гэтага насамрэч не было”.

Гэтак жа мяркуе й Андрэй Доўжык:

(Доўжык: ) “Пасьля таго, як Юру далі 7 сутак, калі ён наагул знаходзіўся ў баку і не ўступаў у размовы зь міліцыяй, стала зразумела, што й мне дадуць тэрмін — не адкруцісься. Агульнае ўражаньне: судзьдзя слухаў толькі міліцыянтаў, якія, гледзячы мне ў вочы, паўтарылі свой паклёп — казалі тое, чаго насамрэч не было”.

Тым часам у гомельскай турме па-ранейшаму ўтрымліваюць Аксану Сергіенку, таксама затрыманую 1 траўня — падчас апазыцыйнай акцыі “Не — кантрактнай сыстэме”. Суд — нагадаю — пакараў гэтую актывістку дэмакратычнага руху 15 суткамі арышту. Паводле аднаго зь ейных паплечнікаў, дэпутата Гомельскага гарсавету Юрася Глушакова, Аксана трымае ў турме галадоўку пратэсту. Спадар Глушакоў так пракамэнтаваў Радыё Свабода падзеі, зьвязаныя з турэмным зьняволеньнем удзельнікаў першамайскага пратэсту ў Гомелі:

(Глушакоў: ) “Кантрактная сыстэма — вельмі вялікая праблема для тых, хто працуе. Гэта надта ж напружаная тэма. Бо людзі на 99 працэнтаў супраць кантрактнай сыстэмы. Актывісты сацыяльнага руху “Разам”, да якога мы належым, распачалі два месяцы таму збор подпісаў, які засьведчыў: надзвычай ахвотна ставяць подпісы супраць кантрактнай сыстэмы. Таму ўлады пільнавалі нашых актывістаў і жорстка прарэагавалі — схапілі іх. Прычым, рабілі гэта брутальна. Да таго ж, як апошнім часам і адбываецца, пайшлі нават на максымальныя пакараньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG