Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія ўлады сустракаюцца з М.Машкевічам і іншымі вязьнямі Акрэсьціна


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня Польшчу пакідаюць грамадзяне Расеі і Ўкраіны – былыя палітвязьні, якія сядзелі ў адной камэры з Марыюшам Машкевічам. Госьці былога амбасадара правялі шэраг важных сустрэчаў у Варшаве і Кракаве – у тым ліку іх прынялі маршалкі Сэйму і Сэнату.

(Юрэк: ) “Сэйм пашырае свае замежныя кантакты – толькі што я прыняў спадара Марыюша Машкевіча разам з групай ягоных замежных калегаў – гэта мужныя людзі, перадусім журналісты”, – сказаў сьпікер польскага Сэйму Марак Юрэк пасьля сустрэчы з гасьцямі Марыюша Машкевіча.

Сам былы амбасадар, які вырашыў запрасіць грамадзянаў Расеі, Украіны і Беларусі, зь якімі сядзеў за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, кажа, што цягам тыдня ў Польшчы былі наладжаныя шмат кантактаў, якія дапамогуць замежнікам-прыхільнікам дэмакратычных рэформаў у Беларусі зарыентавацца, што яны могуць разам зрабіць, каб дапамагчы сваім калегам у Беларусі.

(Машкевіч: ) “Усё прайшло вельмі добра – каля Кракава мы былі на магіле нямецкага жаўнера Атана Шымка, які ў часе вайны быў расстраляны, бо не хацеў забіваць мірных грамадзянаў – гэта патрон усіх тых, хто супраціўляецца таталітарызму. Я бачыў, што для беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў гэта было важна. Мы сустрэліся з журналістамі, студэнтамі, палітыкамі, навукоўцамі. Зьявілася столькі ідэяў, што іх хопіць на шмат гадоў”.

Павал Салыга – журналіст і выкладчык Кіеўскага ўнівэрсытэту кажа, што для яго вялікі гонар ізноў сустрэцца зь людзьмі, якія не баяліся паехаць у суседнюю краіну і падтрымаць беларусаў.

(Салыга: ) “15 дзён, якія я правёў у беларускай турме былі найлепшым часам майго жыцьця, бо я сядзеў з выбітнымі інтэлектуаламі, мужнымі і годнымі людзьмі. Мы ўвесь час гаварылі пра тое, што найбольш важна для Беларусі, што трэба зрабіць. Усё, што цяпер абмяркоўваецца ў часе сустрэчаў, было абмеркаванае яшчэ ў камэры”.

У апошнія дні да ўдзельнікаў сустрэчы ў Польшчы далучылася і вядомая беларуская журналістка, рэдактарка “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна.

(Калінкіна: ) “Сустрэчы падабаюцца тым, што ўжо ня трэба распавядаць, што адбываецца ў Беларусі – усе добра ведаюць пра гэта. Гаворка ўжо ідзе пра канкрэтныя шляхі дапамогі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG