Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме Калякін рыхтаваў даклад да Пленуму ЦК


Любоў Лунёва, Менск Сёньня з турмы на Акрэсьціна на волю выйдуць лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін і лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка. Яны адбывалі арышт за ўдзел у шэсьці "Чарнобыльскі шлях". Суд Першамайскага раёну пакараў лідэра камуністаў арыштам на 14 сутак, а суд Савецкага раёну пакараў лідэра БНФ 15 суткамі арышту.

Сяргей Калякін выйдзе на волю першым. Яго судзілі ў Першамайскім судзе 27 красавіка на наступны дзень пасьля Чарнобыльскага шляху. Разам зь ім у суд прывезьлі Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Бухвостава. Усіх абвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства.

26 красавіка яны прайшлі па праспэкце Незалежнасьці (Скарыны) ад вуліцы Янкі Купалы да Акадэміі навук. Паколькі падыходы да Кастрычніцкай плошчы былі перакрытыя, людзі сабраліся на рагу вуліцы Купалаўскай. Міліцыянты заклікалі ўсіх прайсьці да Акадэміі навук на дазволенае ўладамі месца збору людзей. У судзе апазыцыянэры казалі, што яны так і зрабілі. Калі людзі пайшлі па праспэкце, літаральна за некалькі хвілінаў калёна вырасла да 5 000 чалавек. Гэта пры тым, што ўвесь час міліцыянты праз гукаўзмацняльнік патрабавалі, каб людзі разышліся. Каля Акадэміі навук адбыўся мітынг. Калі ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху пайшлі па вуліцы Сурганава да капліцы на Карастаянавай, колькасьць удзельнікаў павялічылася ў чатыры разы.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра партыі БНФ Вінцука Вячорку адразу пасьля заканчэньня акцыі. Толькі а 3-й гадзіне ночы міліцыянты паведамілі, што адвезьлі яго на Акрэсьціна. Вінцука Вячорку прывезьлі раніцай ў суд Савецкага раёну. Судзьдзя Людміла Савасьцян арыштавала апазыцыянэра на 15 сутак. Праз дзьве гадзіны суд Першамайскага раёну арыштаваў лідэра ПКБ Сяргея Калякіна на 14 сутак.

Такім чынам Вінцук Вячорка, які правёў да суду ноч на Акрэсьціна, выйдзе ў адзін дзень зь Сяргеем Калякіным. Вінцука Вячорку адпусьцяць увечары, а Сяргея Калякіна раніцай а 9-й раніцы. Сяргей Вазьняк распавёў “Свабодзе”, што лідэр ПКБ мусіў у турме падрыхтаваць даклад.

(Вазьняк:) “Увесь час, што ён сядзеў на Акрэсьціна, мы перадавалі яму прэсу, харчовыя перадачы, цёплыя рэчы. Мы, сябры ПКБ, вельмі спадзяемся, што за гэтыя 14 сутак Сяргей Іванавіч добра падрыхтаваўся да Пленуму Цэнтральнага камітэту, які адбудзецца 21 траўня. Мы лічым, што ў яго быў час, каб напісаць добры даклад.”

За ўдзел у "Чарнобыльскім шляху" ў турме на Акрэсьціна апроч Вінцука Вячоркі і Сяргея Калякіна трымаюць Аляксандра Мілінкевіча, Зьмітра Дашкевіча, Аляксандра Бухвостава і Віктара Івашкевіча. Сёньня а 10-й раніцы ў міліцыю Першмайскага раёну прыйдзе Станіслаў Шушкевіч. Яго выклікалі за ўдзел у Першатравеньскай акцыі. Палітык не выключае, што таксама можа апынуцца за кратамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG