Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаная Рада ААН у правох чалавека


Юры Дракахруст, Прага Учора падчас пасяджэньня Генэральнай асамблеі Арганізацыі аб''яднаных нацыяў было абрана 47 членаў новай Рады ААН ў правох чалавека. Беларусі ў яе складзе няма.

У сакавіку 2006 года было прынятае рашэньне аб замене ранейшай Камісіі ў правох чалавека Радай. Камісію часта крытыкавалі за тое, што ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі краін, дзе парушаюцца правы чалавека, у прыватнасьці – Беларусі, Кітая, Зымбабвэ і Судана.

Зь іншага боку, камісія нярэдка выступала з крытыкай становішча з правамі чалавека ў гэтых краінах. Напрыклад, тры апошнія гады камісія штогод прымала рэзалюцыі з рэзкай крытыкай сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, у леташняй рэзалюцыі камісіі “выказвалася заклапочанасьць у сувязі з магчымай датычнасьцю высокапастаўленых службовых асобаў Беларусі да зьнікненьня лідэраў апазыцыі і журналіста Зьмітра Завадзкага, занепакоенасьць працэсам арганізацыі і правядзеньня выбараў у Беларусі, адвольнымі арыштамі і затрыманьнямі, перасьледам і закрыцьцём няўрадавых арганізацыяў, незалежных мэдыяў і апазыцыйных палітычных партыяў”.

Дарэчы, тэкст менавіта гэтай рэзалюцыі камісіі ААН у правох чалавека спрабавала распаўсюдзіць чэскае пасольства ў Менску, што было расцэнена беларускімі ўладамі як распаўсюд прапагандысцкіх матэрыялаў.

Зьмена фармату працы, ператварэньне Камісіі ў Раду ня надта паўплывала на зьмену яе складу. Агульным галасаваньнем генасамблеі ў яе былі ўключаныя Кітай, Пакістан, Саудаўская Аравія і Куба. З краін СНД сябрамі Рады сталі Азэрбайджан, Расея і Украіна. Армэнія і Грузія ня здолелі набраць неабходную колькасьць галасоў.

Сябрамі Рады сталі Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, Швайцарыя, Фінляндыя, а таксама Польшча, Чэхія, Румынія і Вугоршчына.

Беларусь і ЗША не выносілі свае кандыдатуры на галасаваньне, хаця абедзьве яны ўваходзілі ў лік краін – сябраў камісіі.

Абраньне складу Рады ААН у правох чалавека мы папрасілі пракамэнтаваць палітоляга Андрэя Фёдарава:

(Фёдараў: ) "Я мяркую, што Беларусь не падавала сваю кандыдатуру таму, што ведала папярэдні расклад, памятала рэзалюцыі ранейшай камісіі і ведала, што ня пройдзе. Злучаныя Штаты былі наагул супраць стварэньня гэтай Рады, таму яны і не спрабавалі стаць яе сябрам.

Тое, што прайшлі такія краіны, як Расея, Куба, Саудаўская Арабія, Кітай – гэта даволі зразумела, краіны ўплывовыя, і шмат хто іх падтрымлівае часам з мэркантыльных меркаваньняў.

Тут, на мой погляд, галоўнае – гэта тое, хто наагул стаў сябрам Рады. Без краін, у якіх ёсьць праблемы з правамі чалавека, у любым выпадку не абышлося. Галоўнае – ці будзе перавага ў сапраўды дэмакратычных краін, калі справа ў Радзе будзе даходзіць да галасаваньня.

На жаль, цяжка пагадзіцца зь меркаваньнем, што ператварэньне Камісіі ў Раду павялічыць уплыў на тыя краіны, дзе з правамі чалавека існуюць праблемы. Тут справа не ў большасьці галасоў, а ў наяўнасьці тых ці іншых рычагоў уплыву. Пакуль што, мне здаецца, простая зьмена фармату гэтых рычагоў не дадае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG