Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе займацца арганізацыяй флэш-мобаў?


Радыё Свабода У межах руху “За свабоду” ствараецца цэнтар правядзеньня палітычных флэш-мобаў — акцый мірнага пратэсту. Такое паведамленьне разьмешчана на сайце Аляксандра Мілінкевіча. Цэнтар мяркуе каардынаваць арганізацыю ўсіх флэш-мобаў. Дзеля бясьпекі ўдзельнікаў усе задумы меркаваных акцый маюць разглядаць юрысты — на прадмет адпаведнасьці з заканадаўствам. Мяркуецца захоўваць усе правілы ананімнасьці й бясьпекі. Пры гэтым цэнтар не зьбіраецца абмяжоўваць сваёй дзейнасьці флэш-мобамі, але будзе спрычыняцца й да правядзеньня іншых акцый.

Сайт АГП разьмясьціў заяву некаторых удзельнікаў флэш-мобаў, якія мяркуюць аб’яднацца ў грамадзянскі рух “Ініцыятыва”. У ёй гаворыцца, што флэш-мобы мусяць заставацца ў распарадзе грамадзянаў, а іх удзельнікі не павінны далучаць сябе ні да адной з палітычных партый. Аўтары заявы цьвердзяць: толькі ў такім разе ўдасца “захаваць флэш-мобы ў якасьці асаблівай формы грамадзянскага пратэсту, а ня сродку палітычнай барацьбы”.

Паводле заявы, штаб Аляксандра Мілінкевіча мусіць падтрымаць пасьлявыбарчыя грамадзянскія ініцыятывы, а не ствараць альтэрнатыўныя. Таксама выказваецца гатовасьць да супрацоўніцтва “з афіцыйнымі палітычнымі рухамі на раўнапраўных умовах”.

Сёньня ж гарадзкая ўправа менскай міліцыі зьвярнулася ў пракуратуру па прававую ацэнку флэш-мобаў, што праводзяцца ў Менску. Паводле Інтэрфаксу, міліцыя мае намер выклікаць для гутаркі арганізатара й каардынатара флэш-мобаў, імя якога ёй стала вядома. Зь цьверджаньня намесьніка начальніка менскай міліцыі палкоўніка Аляксандра Найдзенкі, удзельнікі флэш-мобаў ствараюць нязручнасьці менчукам, ад якіх ужо сталі паступаць скаргі. Міліцыянты таксама распачалі адмысловыя тлумачальныя гутаркі ў навучальных установах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG