Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа аб зьнікненьні Ю.Захаранкі чарговы раз прадоўжаная


Радыё Свабода Расьсьледаваньне па справе Юрыя Захаранкі чарговы раз падоўжана яшчэ на два месяцы . Апошні ліст ад сьледчых пракуратуры маці Юрыя Захаранкі атрымлівала болей за тры гады таму. Ульяна Захаранка не спадзяецца на сьледчых, але па-ранейшаму верыць, што ейны сын жывы.

У красавіку маці экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі з хваробай сэрца патрапіла ў гомельскі шпіталь. Ульяну Захаранку гэтым часам наведвалі аднадумцы сына й былыя ягоныя сябры-міліцыянты. А вось зьвестак з пракуратуры Менску, дзе расьсьледуюць справу сына, жанчына не атрымлівала ужо больш за тры гады. Ульяна Рыгораўна кажа, што ў высьвятленьні лёсу сына ня мае надзеі на сьледчых .

(Ульяна Захаранка: ) “Бог іх ведае, што яны робяць. Ці ня робяць нічога?.. Нешта я не спадзяюся на іх. Даўно ад іх не атрымлівала ані слова. Зразумела, што забыліся пра мяне. А каму я патрэбна — хворая, старая, безабаронная?”

Ульяна Захаранка распавяла, што верыць у варажбу сваякоў з Украіны, якія сказалі: сын ейны — жывы. Маці Юрыя Захаранкі перадала падзяку ўсім людзям, хто памятае сына й рупіцца дзеля дазнаньня ягонага лёсу.

А якія вынікі афіцыйнага расьсьледаваньня выкраданьня экс-міністра? Праваабаронца Алег Волчак паведаміў, што сьледзтва выкраданьня Юрыя Захаранкі падоўжылі яшчэ на два месяцы — да 24-га чэрвеня. Алега Волчака — як давераную асобу жонкі й старэйшай дачкі зьніклага апазыцыянэра — пра гэта паінфармавалі з пракуратуры Менску. Аднак спадар Волчак скептычна ставіцца да клопатаў сьледчых.

(Волчак: ) “Ніякіх зрухаў у іх няма. Не чуваць ані пра нейкія новыя допыты, нікога новага не знайшлі. Мяркую, яны так будуць цягнуць і цягнуць справу — пакуль гэта ўлада застаецца”.

Сьледчы гарадзкой пракуратуры Сяргей Кухаронак адмаўляецца ад гутаркі пра справу Юрыя Захаранкі. Дарэчы, ён жа вядзе й расьсьледаваньне выкраданьня апазыцыйных дзеячаў Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага. Пра зрухі ў гэтым кірунку таксама, дарэчы, невядома.

Нагадаем: апазыцыя й шмат хто ў сьвеце мяркуюць, што выкраданьне Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й журналіста Зьмітра Завадзкага на сумленьні вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. У сьпіс асоб, падазраваных у датычнасьці да гэтых злачынстваў, у Эўропе ўключаны Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Уладзімер Навумаў, Зьміцер Паўлічэнка. Ім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу й ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG