Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Леанід Дранько-Майсюк


Леанід Дранько-Майсюк Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Аўтар прыватнага дзёньніка мінулага тыдня — Леанід Дранько-Майсюк, знаны паэт, стваральнік “Полькі беларускай” і дзясяткаў іншых папулярных песень, ён марыць напісаць песьню пра любімую кветку ляўконію. І ўпэўнены, што неўзабаве ў Менску зьявіцца рэстаран “Стомленасьць Парыжам”.

30 красавіка, нядзеля

19 красавіка я прыехаў у Давыд-Гарадок дапамагчы бацькам управіцца з гародам. Гарод, дарэчы, немаленькі — 18 сотак.

Дзякаваць Богу, тое, што трэба было зрабіць, зрабілі; галоўнае — “кінулі” (гэта значыць, пасадзілі) бульбу... І вось сёньня зьбіраюся ў Менск і ўспамінаю, як на Вялікдзень, 23 красавіка, мой дзядзька Мікалай Паўлавіч Бразоўскі раптам спытаўся ў мяне:

— А скажы мне, Лёня, што такое свабода?

Я адказаў:

— Калі ўскапаеш і засееш 18 сотак, а пасьля сядзеш на ганак, паглядзіш на гарод і, адпачываючы, радасна ўздыхнеш... Гэта й ёсьць, Мікалай Паўлавіч, свабода!

Адказ мой спадабаўся, бо для давыд-гарадчукоў гарод — гэта пачатак і матэрыяльнага, і нават маральнага вымярэньня...

У вечаровым аўтобусе, пакуль было сьветла, вычытаў у “Дзёньніку пісьменьніка” Хведара Дастаеўскага, што асноўная рыса рускага характару — імкненьне да пакуты...

Асноўная ж рыса беларускага характару — імкненьне да спакою, а спакой (брат свабоды!) у давыд-гарадоцкім разуменьні здабываецца тады, калі дагледжаны гарод.

1 траўня, панядзелак

Увесь красавік над менскім праспэктам Скарыны ля Цэнтральнага ўнівэрсаму на расьцяжцы можна было прачытаць: “Боль сьціхае нясьпешна”. Такую назву мела прысьвечаная 20-годзьдзю чарнобыльскай катастрофы выстава фотамастака Анатоля Клешчука, якая ўчора завяршыла працу ў Мастацкім музэі.

Я люблю Анатоля Клешчука за маральную прастору ягонага мастацтва, за сьвятло, якое мае заўсёды беларускае гучаньне. Анатоль аб’ехаў усю Беларусь, абышоў (да апошняй вулачкі!) мой Давыд-Гарадок, ведае па імёнах ці ня кожнага давыд-гарадоцкага каваля, шаўца, лодачніка, цесьляра... Аднойчы мяне зачаравала ягоная кампазыцыя “Рыбацкая зорка” й па тэлефоне я даслаў яму такія радкі:

Шэдэўрам усьцешаны я, Клясычнаю строгаю мерай, – Рыбацкая зорка твая Такая ж, як зорка Венэра!

Анатоль стварае неабходнае мастацтва, для яго — розум жыцьця ў тым, каб праз хараство рабіць людзей далікатнымі.

Дык вось над праспэктам Скарыны мяне цешыла рэклямная расьцяжка, упрыгожаная імем нашага майстра. За апошнія гады якія толькі імёны ні ўздымаліся (і, на жаль, уздымаюцца) у цэнтры Менску: імёны, абсалютна чужыя беларускай культуры; імёны, накрэсьленыя, вядома ж, па-расейску... Гэту шкодную завядзёнку хоць на нейкі час перапыніў фотапаэт Анатоль Кляшчук.

2 траўня, аўторак

Сёньня — Радаўніца, якая сьвяткуецца ў першы аўторак пасьля Велікоднага тыдня; гэта сьвята чысьціні, калі прыбіраюць магілы продкаў...

Але што тут казаць пра чысьціню, калі апошнім часам любое сьвята ў нас завяршаецца гурбамі сьмецьця. І ня толькі сьвята, але й кожны будзень...

Беларусы, як змовіліся між сабою, — з вар’яцкай мэтанакіраванасьцю й нястомнасьцю выкідаюць сьмецьце на вуліцу, на бераг ракі, у сажалку, суседу пад плот, у занядбаны сад. Куды заўгодна — толькі не на сьметнік... Смецьцявоз, напрыклад, вязе на звалку ўжыванае й непатрэбнае, але не даяжджае да звалкі кілямэтры два якія — і ўсё выварочвае папросту ў лес! Моладзь п’е піва — і парожнія пляшкі шпурляе сабе пад ногі. А куды ж яшчэ шпурлянуць, як не пад ногі, калі да бліжэйшай сьметніцы трэба зрабіць ажно тры(!) крокі. Дый ня хочацца ў вечаровым змроку шукаць гэту сьметніцу...

Летняй раніцай, гадзін гэтак у шэсьць, прайдзіце ўздоўж Сьвіслачы — скажам, ад рэстарану “Журавінка” й да Палацу спорту, або па другім беразе: ад гасьцініцы “Беларусь” да купалаўскага мосту. Вы будзеце ісьці па цэлафане, плястыку, шкле, плястмасе, паперы...

І ў рацэ будуць плысьці той жа цэлафан, плястык, плястмаса, папера...

Беларусь патанае ў адкідах!

Сям’я, школа, урэшце, — дзяржава мусяць штодня патрабаваць і ад дзяцей, і ад дарослых: не раскідайце сьмецьця!

У нас вельмі шмат міліцыі, наагул — людзей у пагонах. Але я нешта ні разу ня бачыў, каб міліцыянт зрабіў заўвагу таму, хто кінуў на траву недапалак або пусты цыгарэтны пачак.

І як тут не згадаць расказанае бацькам: у 30-я гады мінулага стагодзьдзя ў Давыд-Гарадку паліцыянт не заўвагу рабіў, а тут жа штрафаваў за непабелены комін, за паламаны драўляны ходнік перад хатай, нават за непадмецены двор.

І штраф быў немалы! Тады ні ў каго не было жаданьня кідаць пад плот сьмецьце.

Можа, варта выкарыстаць нам той, заходнебеларускі, вопыт?!

3 траўня, серада

Сёньня выступаў з Эдуардам Акуліным у менскай бібліятэцы “Блакітная кветка” — цудоўная бібліятэка, дзівосная загадчыца, прыгожая аўдыторыя (вучні старэйшых клясаў). Дарэчы, усе добра размаўляюць па-беларуску...

Сярод іншых пытаньняў было й такое:

— Якую кнігу вы цяпер чытаеце?

— Перачытваю аповесьць Якуба Коласа “На прасторах жыцьця”, — адказаў я. І параіў усім таксама перачытаць гэты празрысты твор, народжаны ў рытме ляснога ручая і ў харастве псыхалягічных нечаканак. Ня мог ня спомніць з аповесьці эпізадычнага, але вельмі запамінальнага пэрсанажу — стрэлачніка, які быў “... чалавек цікаўны і вельмі любіў прачуць сёе-тое: па яго думцы, на сьвеце яшчэ павінна нешта цікавае зрабіцца, нешта такое, пасьля чаго пачнецца ўжо сапраўднае жыцьцё (...)

Заўважу, такія стрэлачнікі-філёзафы пазьней зьявіліся ў прозе Андрэя Платонава… А ўвогуле народны імпэратыў: “Трэба... многа павучыцца, каб ведаць маленькае... І вучацца людзі... а ўсяго ведаць ня будуць... Вучыся й ты...” — найбольш набліжае да разуменьня: што такое няўстойлівая беларуская душа...

4 траўня, чацьвер

Сёньня раніцай атрымаў па пошце 21-ы нумар “Дзеяслова”, разгарнуў наўздагад і прачытаў:

Мне сьніўся Барадулін малады, Гарачы, летуценны, апантаны, Садзіў ён вершаў сонечных сады, Было яшчэ далёка да бяды, Яшчэ далей да босага сьвітаньня...

Гэта пачатак верша Іны Снарскай, прысьвечанага, што відаць зь першага радка, Рыгору Барадуліну. Дарэчы, нумар амаль на чвэрць барадулінскі — тут і вершы самога майстра, і пераклады гэтых вершаў на ангельскую й французкую мову, і слова пра паэта кандыдата філялягічных навук Алы Сакалоўскай, і зьмястоўны роздум Пятра Васючэнкі пра паэтычную кнігу “Ксты”, вылучаную на Нобэлеўскую прэмію...

П. Васючэнка піша пра новага Барадуліна — творцу, які “... дабудоўвае раней створаны ім сьвет да маштабаў вялікасьці”.

Барадуліну ўласьціва абсалютна народная рыса — шмат працаваць, стамляцца й не зважаць на стому. У прасторы беларускай мовы ён увесь час знаходзіць і вынаходзіць новыя словы, дае ім рэальнае жыцьцё, і гэта сьведчыць перш за ўсё пра тое, што наша паэзія ніколі ня страціць нацыянальнага голасу.

Я вельмі хачу, каб вялікі беларускі паэт Рыгор Барадулін атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Гэта прэмія патрэбна нашай літаратуры — той літаратуры, якая ў навейшай гісторыі сказала сьвету, што ёсьць такі народ — беларускі, і ёсьць такая мова — таксама беларуская.

5 траўня, пятніца

З самага ранку гадаю, што станецца з нашым Саюзам пісьменьнікаў — сёньня ж у Вярхоўным судзе адбудзецца чарговае паседжаньне (мусіць, апошняе), вынік якога можа быць несуцяшальны: творчую арганізацыю, сябрам якое зьяўляюся з 1984 году, могуць забараніць...

На маім пісьмовым стале кнігі, выдадзеныя саматужна, але па-свойму і цікавыя, і літаратурна-прывабныя. Аўтары гэтых кніг настойліва просяць даць ім рэкамэндацыі дзеля ўступленьня менавіта ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, лёс якога такі няпэўны.

Гэта таксама форма пратэсту — інтэлігентная, вартая ўвагі. Таму яшчэ раз гартаю падораныя мне кніжкі, перачытваю тое, што раней спадабалася, і пішу рэкамэндацыі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG